Donate

Вершы

abalompe29/01/26 20:3997

Пачатак веры і страта веры

паняцце Бога, яго нараджэнне і згасанне ў адным з незлічоных мностваў маленькіх сусветаў.
інтуітыўная вера ў Бога без выразнага разумення, што гэта такое, на падставе расповедаў дарослых.
афармленне ідэі Бога ў нешта канкрэтнае, дарослае, захаванае ў свяшчэнных тэкстах.
расчараванне і непрыняцце.

адкідванне формы Бога, створанай вонкавым светам.
вера па інерцыі, далейшая страта Богам формы.
твой Бог ужо самаробны, ды і ці Бог гэта цяпер увогуле?

страта формы працягваецца, пакуль ад яе амаль нічога не застанецца,
ды і форма — гэта Пустэча, а Пустэча — гэта форма, і ніякіх іншых пустэчаў і формаў няма.

наступны крок: які ён? што будзе са мной далей?
Бог стварыў мяне па сваім вобразе і падабенстве.
я таксама спачатку буду афармляцца, а потым пачну губляць форму
да таго часу, пакуль ужо не застанецца ніякага “мяне”?

афармленне і растварэнне — лёс кожнага яго стварэння?
ці змагу я прайсці гэты шлях да канца?
і ці не стане напрыканцы зразумела,
што мяне так насамрэч ніколі і не было?

Па слядах Караткевіча

Самураі лічаць, што смерць — адзіная рэчаіснасць, адзінае, што рэальна.
Прыкрая, гідкая скажонасць Сусвету, зламанага болем.
Боль накатвае хваля за хваляй, а скрозь рэчаіснасць цягнецца белая ніць Арыядны —
любоў, ды сплеценыя разам нітачкі лёсаў, апантаных любоўю.

Ніцшэ пісаў, што Бог памёр праз спагаду сваю да людзей,
што ж, я дзякую Богу і разумею Бога.
Хоць даўно ўжо не веру ў яго і яшчэ больш не веру ў сябе, але бачу — штороку

У нашым смяротным макрасусвеце памірае столькі мікрасусветаў,
Што я гатовы пайсці на шыбеніцу ці сам звярнуць сабе шыю.
Але ўсе роўна выратаваць тыя, што калісьці ўдыхнулі жыццё
У напаўгнілы труп маёй, як тады падавалася адсутнай, душы.

Эклектыка і дыялектыка

Платонавы целы і мір ідэй.
Крышталі, групы пераўтварэнняў,
Кааны, тэарэма Гёдэля,
Бясконцасць, сіметрыя,
Дзэн ды прарэхі ў семантыцы.

Назіральнік, які пачынае з чыстых адчуванняў,
Каб перайсці ў свет канцэпцый і схем,
А потым зноў вярнуцца да чыстых адчуванняў
З новым бачаннем і новым досведам.

На нейкі час для яго ажываюць парадоксы,
Каб той пабачыў іх у поўным аб’ёме,
А потым зноў робяцца схемамі і нататкамі на плоскай паперы
Ды ценем на сцяне пячоры Платона.

Анталагічна халодны верш

У пясочным гадзінніку сыплецца прах часу, што памірае

Квазары, карлікі, каметы,
Сегменты часу ды планеты.
У пустых вачніцах Вечнасці
Бракуе чалавечнасці.

Пад радыяпульсараў хор
Згараю, быццам метэор.
Пагост мрой і ўтопій —
Радыеактыўны попел.

Пазбаўленне ад надзеі

Спаліўшы надзеі трухлявы мост
Адкрыеш бязмежнае поле дна
Ўверсе знічкі мільгае хвост
На дне зіхаціць блясна

Часам, пазбавіўшыся ад надзеі, можна здабыць наўзамен цэлы Сусвет.

крыху аб прыродзе любові

любоў пачынаецца там, дзе заканчваюся «я»
там, дзе заканчваюся я, увогуле шмат усяго цікавага:

напрыклад, смерць
напрыклад, Бог
напрыклад, сутнасць рэчаў
напрыклад, свабода

у любові болей Бога, чым смерці
дакладней, у ёй зусім няма смерці
дакладней, у ёй ёсць разуменне, што смерці няма ўвогуле

магчыма, менавіта з любові пачынаецца рэлігійнае пачуццё
магчыма, менавіта з любові пачынаецца абуджэнне ад шматлікіх з ілюзій
напрыклад, ілюзіі аб тым, што чалавек самотны

магчыма, менавіта з любові пачынаецца Бог

сутнасці рэчаў у любові больш, чым свабоды
любоў памяншае тое, што табе падавалася свабодай
і дае наўзамен сапраўдную свабоду

магчыма, у любові ёсць усё. і ўсё ёсць любоў
магчыма, любоў на самой справе аб тым, што няма нічога, акрамя Бога

адны лічаць любоў ілюзіяй
іншыя — вызваленнем ад ілюзій
я думаю, што першыя памыляюцца
у любові ёсць сутнасць рэчаў
у любві ёсць цудоўнае

цудоўнае ўвогуле заснавана на любові
і самае цудоўнае — у любові няма надзеі

надзея не патрэбна, калі ёсць жыццё

вялікая калясніца і танец

вучыцца спачуваць
спадзяючыся знайсці ў гэтым выратаванне
бо спачуваць — гэта быць з кімсьці
гэта зусім не адзінота

вучыцца спачуваць, бачачы ў гэтым
Божую задуму і Святую Пустэчу
спачуваць так, што выбівае
ўсе пробкі

не застаецца спагады зусім
а пустэча зусім не тая, якую ты шукаў
гэтая пустэча — не Пустэча
гэта поўная адсутнасць пачуццяў
у гэтай пустэчы зусім няма сэнсу

што можа замяніць адчуванне сэнсу?
адчуванне статусу, кантролю і ўлады?
можа быць

але ж кантроль — гэта заўсёды ілюзія
а пустэча замест спагады
прыводзіць да сваёй супрацьлегласці –
адчування, што ты адзін. татальнай адзіноце

чым больш кантролю, тым больш адчуванне
што нікога жывога вакол не засталося

чым мацней людзі падпарадкоўваюцца іншаму чалавеку
тым менш іх саміх і больш гэтага чалавека

эга або, калі заўгодна, нафс становіцца
такім тоўстым і пачварным
што чалавек не можа разгледзець нічога
акрамя самога сябе

хоць самога сябе не бачыць
ён прагне ўсё больш і больш улады
усё больш аб’ектаў статусу, усё больш таго
што ён усё роўна не зможа панесці з сабой у магілу

нянавісць і разбурэнні? можа быць,
у гэтым таксама можна знайсці сэнс
але ў корані, я веру, заўсёды ёсць паломка,
якая з’яўляецца вонкавай у адносінах
да чалавека

і, напэўна, прабіваючы асфальт
болі, адзіноты, страху смерці
расце хоць маленькая, але кветка
і важна, каб яна атрымала крыху вады і крыху сонца

тады, мусіць, у гэтым можна знайсці
любячую дабрыню і любоў
сказаць «на карысць усіх жывых істот»

і запоўніць пустэчу ўнутры
і тады дзесьці побач можа прамільгнуць
тая самая Пустэча, якую так доўга шукаў
і якая нікуды не сыходзіла
ці Божы промысел

і тады ты ўбачыш,
што міласэрнасці і літасці ва ўсіх Сусветах
больш, чым гневу

“zen-zen”, празвініць будзільнік
каб ты мог пачаць свой дзень
з Ісціны, у якой няма імя
і таго, што не можа быць выказана словамі

святая Пустэча. Божы промысел. любоў.
таямніцы, схаваныя ў цішыні і маўчанні

шум ветру, Шуньята ды карта Нябёсаў

паэзія — гэта ахвяра і подзвіг

паэзія — гэта ахвяра і подзвіг
дзякуй Богу, што тое, што я пішу — не паэзія,
а так, звычайны душэўны эксгібіцыянізм.

паэзія — гэта як лёгкі подых,
ці амерыканскія горкі, што хутка нясуць цябе ўніз.

паэзія — гэта голая манашка з наколкай на спіне,
ці маўклівы інтэлігент, якога замучыў штодзённы быт.

удзень ён жыве ў рытме разам з усімі,
каб ноччу прачнуцца — у халодным поце — злавіўшы свой рытм.

паэзія ніколі не трывае халтуры
ці фальшу, стракатасці ў вонкавасці.
глыбіня для яе — другая натура,
і гэтых натураў — бясконцасць.

паэзія — гэта няспынныя гонкі,
у якіх ты ніколі не прыйдзеш да фінішу

яна ўнутры, хоць ўвесь час лезе вонкі.
шэпт ветру,
пах яблыкаў,
плыні шум.

P.S.

раптам падхоплены плынню са словаў
ты можаш выказаць невыказнае
быць па-за шаблонамі, па-за ўмовамі
заўсёды тут і заўсёды па-за.

ты хутка будзеш абагрэтая…

ты хутка будзеш абагрэтая
той песняй, што яшчэ не спетая
і адгукаецца з імпэтам
у закавулачках душы

але нікому не кажы
чакай, пакуль яна саспее
заззяўшы новаю надзеяй
і разам з ёй у такт дышы

трасянка

таки ужо чалавек, яго судьба –
мы надзяваем урэменные маски
наги тым часам дзве, и лыжа тожа два
скальзяць па снегу и траве (але са змазкай)

яшчэ у чалавека дзве руки,
два вухи, дзве наздры и сам ён парны

и дзве наги, и два чаравики,
па усёй сваёй прыродзе ён бинарны
там дзе ёсць крышка, заусёды ёсць и дно,
а на гениальна знойдзецца бяздарна

у дваякасци такой жыццё. адно.
не прапусци. не карыстайся марна

быць наўпрост у мэту

імклівы бег і мімалётны спакой.
якую сістэму каардынат абярэш сёння ты?
якая абярэ сёння цябе?

але варта адкінуць іх, як ты зразумееш,
што цэль заўсёды была ў цябе пад носам.

лісток на ветры. ток у правадах.
звонкі смех жыхароў Чыстых Земляў.
лодка, пакінутая пасля пераправы на іншы бераг.

павуцінка слоў

павеў ветру,
асфальт пад нагамі…

глядзі, як растае павуцінка
слоў і значэнняў!

плынь

плыць супраць плыні.
плыць па плыні.

плыць, думаючы што тонеш.
тануць, думаючы што плывеш.

злівацца з гэтым працэсам.
выплываць.
тануць ізноў.

пакуль не зразумееш,
што плынь — ты сам

Пераклад Джалаладдзіна Румі

У рэчаў усіх правобраз ёсць,
Аснова па-за намі

Яе не знішчыць гнеў і злосць
Не здзме яе вірамі

Знікае водсвет, не святло
Жыцця крыніцы ззянне

Б’е ў сутнасць, бы прамень у шкло
Люстэрка існавання

Наш лёс — бы шлях метамарфоз,
Усходы трансфармацый

Да нафса тла святла нябёс
Таемных эманацый

Ты камнем стаў з этэру
Пасля — узышоў травой

Пасля — у звера цела
Увайшоў душой жывой

Ізноў метамарфоза
І вось, ты — чалавек

Свядомасць маеш, розум
А скончыцца твой век -

Анёлам светлым станеш
Што страціў на зямлі

Нанова ты прыдбаеш
У нябеснай чысціні

Шамс! У бездань пагрузіся
Спусціся з зорных высяў
Да тайнаў мікракосму
Душою датыкніся

Author

abalompe
abalompe
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About