Donate
Philosophy and Humanities

Нукры Табідзэ: рысёрч як частка дэкаланіяльнай мастацкай практыкі

dk dryhwa03/04/24 15:391.1K🔥

Нукры Табідзэ — антрапалагіня і квір-актывістка з Абхазіі, якая жыве ў Тбілісі*.

Нукры кансультуюць фемінісцкія арганізацыі і калектывы, даследуюць сацыяльныя рухі, нацыяналізм і палітыку цела ў постсавецкай прасторы. У сваёй паэтычнай практыцы працуюць з вольнай плынню асацыяцый і крэатыўнымі даследаваннямі, пішуць этнаграфічны фікшн на падставе свайго асабістага досведу.

Сустрэча з Нукры адбылася ў межах лабараторыі дэкаланіяльнага пісьма “Карані / Лісце”, суарганізаванай праектамі “Расцяжэнне” і “Фігуры”. У гэтым матэрыяле мы дзелімся думкамі адносна рысёрчу як часткі мастацкай практыкі, пра якія Нукры распавядалі падчас сустрэчы.


Неакаланіяльнасць даследаванняў

Англіцызм “рысёрч”, які азначае папросту “даследаванне”, ужо замацаваўся ў мастацкім асяроддзі для азначэння падрыхтоўчага этапу ў творчай дзейнасці. Пад гэтым тэрмінам разумеюць фіксаванне з’яваў рэчаіснасці, пошук статыстычных дадзеных ці архіўных звестак, анкетаванне і інтэрв’ю. Нярэдка даследаванні ўключаюць у сябе працу з чужым досведам і кантэкстам, таму разам з папулярызацыяй заснаванага на рысёрчы мастацтва, паўсталі і шматлікія этычныя пытанні, сярод якіх — пытанні каланіяльнасці. І, бадай, галоўныя з іх: 

Хто мае доступ да ведаў і рэсурсаў для гэтых даследаванняў? Хто валоде іх вынікамі?

Працуючы з уразлівымі групамі ці маргіналізаванымі тэмамі, мы мусім з разу на раз звярацца з рэчаіснасцю і адказваць на гэтыя нязручныя пытанні. Бо нярэдка доступ да ведаў і рэсурсаў даследвання маюць акурат людзі з прывілеяванага сацыяльнага кантэксту. І – непрыемная частка – часам такімі людзьмі можам быць мы самі. Але калі мы не маем досведу ўразлівасці, якую даследуем, то наша мастацтва мае рызыку быць неакаланіальным. Уласні_цы жа досведу маргіналізацыі ў такім выпадку застаюцца папросту аб’ектамі. Яны не валодаюць ані вынікамі даследавання, ані рэсурсамі: грашамі, кар’ернымі перспектывамі, сацыяльным капіталам, бачнасцю – якія даследаванне прыносіць.


Выйсце з нацыянальнага кантэксту: speaking nearby

Даследаванні і размеркаванне ўлады ды рэсурсаў у іх – гэта зона няпростых этычных задач. Іх вырашэнне часта зводзіцца да формулы: “ты з Грузіі = ты можаш гутарыць пра Грузію”. Але каго мы лічым “чалавекам з Грузіі / Беларусі / іншай нацыянальнай дзяржавы”? Такі падыход, які звязвае лакальнасць і права абмяркоўваць нейкі досвед, нараджае шмат супярэчнасцяў і небяспекаў, асацыяваных з нацыяналістычнымі ідэямі. Мы маем разнастайныя досведы, нашы сем’і могуць злучаць людзей розных этнічнасцяў, нашая нацыянальная ідэнтычнасць можа не супадаць з месцам нараджэння. Аднак калі мы прытрымліваемся формулы, прыгаданай раней, мы мусім “даказваць” сваю прыналежнасць да пэўнай нацыі ці дзяржавы. Але ці магчымая аб’ектыўная ацэнка такой прыналежнасці наогул? Хто мае ўладу судзіць? І ці не зробіцца такі суд чарговым спосабам выключаць і дыскрымінаваць людзей па нацыянальнай прыкмеце? 

Выйсцем з гэтай небяспечнай зоны Нукры бачаць адыход ад нацыянальнага кантэксту і засвойванне канцэпту “размова-вакол” мастачкі розных медыумаў, даследчыцы Трын Т. Мінь-Ха (Trinh T. Minh-Ha, “speaking nearby”).

Паводле Мінь-Ха,  "размова-вакол” (“speaking nearby”) супрацьпастаўляецца “размове-пра” ("speaking about"); гэта ўскосная форма маўлення, якая не аб’ектывуе тэмы і суб’ектаў, а разважае пра сябе саму і мае здольнасць звяртацца да тэмаў і суб’ектаў зблізу. 


“Калі вы вырашаеце размаўляць-вакол, а не размаўляць-пра, першае, што вам варта зрабіць, гэта прызнаць магчымы разрыў паміж вамі і тымі, хто насяляе ваш фільм. Іншымі словамі, пакінуць прастору рэпрэзентацыі адкрытай, каб – хаця вы і знаходзіцеся ў блізкасці да свайго аб’екта – вы таксама трымалі абавязак не гаварыць ад іх імя, за іх ці з пазіцыі зверху. Вы можаце толькі гаварыць-вакол, паблізу (незалежна ад таго, ці прысутнічае інш_ая фізічна, ці адсутнічае), што патрабуе, каб вы наўмысна прыпынілі сэнс (suspend meaning), не даючы яму проста закрыцца, і, такім чынам, пакідаючы прабел у працэсе стварэння. Гэта дазваляе іншай персоне увайсці і запоўніць тую прастору паводле свайго жадання. Такі падыход дае свабоду абодвум бакам, што тлумачыць выкарыстанне яго кінематаграфістами, якія прызнаюць яго моцным этычным прынцыпам. Не спрабуючы заняць пазіцыю аўтарытэту ў адносінах да інш_ай, вы фактычна вызваляеце сябе ад бясконцых патрабаванняў, што нараджаюцца з пазіцыі ўсяведання і іерархіі ў ведах”.

― Трын Т. Мінь-Ха


Нукры прапаноўваюць практыкаваць размову-вакол (speaking nearby) і замест таго, каб рабіць даследаванні ў іерархічнай структуры, спрабаваць дзяліцца агульным досведам каланіяльнасці ў гарызантальна арганізаваным працэсе.


Індывідуальная і супольная бяспека

“Мы звыкліся думаць, што бачнасць палітычная. Але і нябачнасць робіцца палітычнай, калі яна ёсць вынікам клопату і салідарнасці” – кажуць Нукры. Значнай частка любога мастацкага даследавання з’яўляецца прадумванне таго, якімі менавіта шляхамі будзе арганізаваная бяспека носьбіта_к досведу ўразлівасці. Гэта асабліва важна, калі бачанне “нормы” моцна адрозніваецца паміж удзельні_цамі працэсу: калі адзін актар існуе ўнутры небяспечных кантэкстаў, мы мусім максімальна прыслухоўавацца і адаптавацца да яго патрэбаў. Прычым да патрэбаў рознага кшталту: і фізічных, і інфармацыйных, і псіхалагічных; і індывідуальных, і супольных. І адказнасць гэтая належыць найперш даследчы_цы. Менавіта таму маста_чкам важна ўдзельнічаць у калектыўных працэсах на складаныя тэмы з клопатам пра сябе і з разуменнем уласных трыгераў, бо толькі з такой пазіцыі магчымае паўнавартаснае дбанне пра патрэбы іншых у супольным працэсе.


Некалькі пытанняў, якія варта задаць сабе перад і падчас працэсу рысёрчу ў чуллівых тэмах

  • Як мы клапоцімся пра людзей, збіраючы іх гісторыі?
  • Як мы клапоцімся пра бяспеку ў шырокім сэнсе — і эмацыйную гэтаксама, як фізічную? Не зводзячы гэтае пытанне толькі да ананімнасці / канфідэнцыяльнасці.
  • Ці варта яно таго? Ці апраўдвае вынік увесь той балючы досвед ды складанасці, з якімі людзі могуць сутыкнуцца падчас размоваў?
  • Як мы клапоцімся пра сябе падчас працэсу апытанняў? Ці працуем у сваім тэмпе? Ці падрыхтавалі мы сябе да працы з трыгернымі тэмамі? Як наогул мы можам гэта рабіць?
  • Як мы можам калектыўна ўзаемадзейнічаць з калектыўнымі ж траўмамі?
  • Як мы можам збіраць кам’юніці ў адсутнасці бяспечных прастораў і інфраструктуры для творчасці?


Некалькі парадаў для рысёрчу

  • Разглядзіце фрырайтынг у якасці падрыхтоўчай практыкі.

Фрырайтынг — гэта тэхніка пісьма, падчас якой пісьменні_ца не мусіць спыняцца, вяртацца да ўжо напісанага, выпраўляць ці змяняць тэкст, нават калі ў ім выяўляюцца памылкі. Фрырайтынг часта выкарыстоўваецца як спосаб знайсці ідэі ці папросту адолець “страх белага аркуша”.

  • Развівайце звычку да гляджэння, слухання, успрыняцця і ўзаемадзеяння з усім тым, што вас цікавіць. Выкарыстоўвайце розныя медыумы, нават калі фінальную працу вы плануеце рабіць з дапамогай іншых сродкаў. Гэта дапаможа выбудаваць звычку ды зробіць розныя вашыя пачуцці: зрок, і слых, і нюх, і ўсе астатнія — вастрэйшымі.
  • Рыхтуйцеся да рысёрчу ва ўсласным тэмпе і на камфортных вам умовах.

Author

dk dryhwa
dk dryhwa
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About