Donate
Prose

Габрыэль Гарсія Маркес. Самы прыгожы тапелец на сьвеце

Kirył Bułaj23/11/22 18:08894
Пэйзаж аднаго з удзельнікаў мастацкага аб'яднаньня Florida Highwaymen
Пэйзаж аднаго з удзельнікаў мастацкага аб'яднаньня Florida Highwaymen

Першым дзецям, убачыўшым таямнічы цёмны груд, які набліжаўся з мора, ён падаўся варожым караблём. Наступныя заўважылі, што на ім няма ні флага, ні мачтаў, і тады палічылі, што гэта кіт. Але яго нарэсьце выкінула на бераг, і дзеці паадзьдзіралі зараснікі саргасы, ніткі мэдуз і рэшткі рыб ды караблекрушэньняў, якія груд прыцягнуў з сабой, і толькі тады зразумелі, што гэта тапелец.

Дзеці гуляліся зь ім увесь вечар, закопвалі ў пясок і зноў раскопвалі, пакуль хтосьці няўрокам ня ўгледзеў гэта й не падняў у вёсцы трывогу. Мужчыны, якія заносілі цела ў бліжэйшую хату, адзначылі, што важыла яно больш за ўсіх вядомых мерцьвякоў, амаль з каня. Вырашылі, што гэта, мабыць, ад таго, што тапелец дрэйфаваў занадта шмат часу й вада ўвабралася ў косьці. Калі яго паклалі на зямлю, ужо ўсе заўважылі, што ён быў большы за кожнага з мужчын, нават ледзь прайшоў у дом, але падумалі, што здольнасьць працягваць расьці пасьля сьмерці, напэўна, уваходзіць ў прыроду некаторых тапельцаў. Ён пах морам, і толькі абрыс дазваляў меркаваць, што гэта труп чалавека, бо яго скура была апранута ў дасьпех з прыліпалаў і бруду.

Ня трэба было чысьціць твар, каб даведацца, што мёртвы — чужынец. У вёсцы было каля дваццаці хат. Складзеныя з дошак, з камянямі й без адзінай кветкі ў патыё, яны усыпалі дальнюю мяжу пустэльнага мыса. Зямлі было так мала, што мацеры ўвесь час баяліся, каб вецер ня зьнёс іх дзяцей, і тых нешматлікіх нябожчыкаў, што адыходзілі зь цягам часу, даводзілася скідваць з кручы. Мора было ціхмянае й шчодрае, а ўсе вясковыя мужчыны зьмяшчаліся ў сем лодак. Такім чынам, калі хто натыкаўся на тапельца, дастаткова было абегчы адзін аднаго вачыма, каб упэўніцца, што ўсе на месцы.

Той ноччу ў мора ніхто ня выйшаў. Пакуль мужчыны дазнаваліся, ці ня зьнік хто ў суседніх паселішчах, жанчыны завіхаліся каля тапельца. Яны зьнялі бруд тампонамы з кавылю, выпуталі з валасоў падводныя калючкі й прыладай для чысткі рыбінай лускі адскрэблі прыліпалаў. Працуючы, заўважылі, што расьліны на яго целе належалі далёкім акіянам і глыбокім водам і што адзеньне яго было разарванае так, нібы ён праплыў праз лабірынт з каралаў. Адзначылі яны таксама й тое, што трымаўся мярцьвяк з важнасьцю, бо ня меў самотнага выразу твару іншых тапельцаў мора, як не было ў яго й убогага й жаласнага выгляду рачных тапельцаў. Ён быў самым высокім, самым дужым, самым мужным і самым мускулістым чалавекам, якога яны калі-небудзь бачылі, і нават цяпер, калі яны глядзелі на яго, выходзіў за межы іх уяўленьня.

У вёсцы не знайшлося ні ложка дастаткова вялікага, каб пакласьці нябожчыка, ні стала дастаткова моцнага, каб правесьці дбаньне. Яму не падышлі ні парадныя штаны самых высокіх мужчын, ні дамашнія кашулі самых шырокіх, ні боты стоячых найболей цьвёрда. Зачараваныя яго дыспрапарцыйнасьцю й прыгажосьцю, жанчыны вырашылі тады зрабіць яму штаны з добрага куска гафельнага паруса й кашулю з брабанцкіх карункаў, каб ён мог працягваць сваю сьмерць з годнасьцю. Калі яны сядзелі кругам і шылі, паміж шыўкамі любуючыся мерцьвяком, ім падавалася, што вецер ніколі ня быў такі зацяты й Карыбскае мора ніколі не было такое неспакойнае, як у тую ноч, і палічылі, што гэтыя зьмены неяк зьвязаны зь нябожчыкам. Яны меркавалі, што, калі б такі цудоўны чалавек жыў у вёсцы, у яго хаце былі б самыя шырокія дзьверы, самая высокая столь і самая трывалая падлога, і каркас яго ложка быў бы сабраны са шпангоўтаў ды жалезных балтоў, і яго жонка была б самая шчасьлівая. Уяўлялі, быццам у яго было б столькі ўлады, што ён выманьваў бы рыб з мора проста клічучы іх па імёнах, і ўкладваў бы ў працу столькі намаганьняў, што змог бы вызваліць ручаі з-пад самых сухіх камянёў і пасеяць кветкі на скалах. Жанчыны ўпотай параўноўвалі яго з уласнымі мужамі, думалі, што тыя не былі здольныя за цэлае жыцьцё зрабіць таго, што ён зрабіў бы за ноч, і напрыканцы з сэрцам адракаліся ад іх, як ад самых нікчэмных і брыдкіх істот на зямлі. Яны блукалі ў гэтай блытаніне фантазій, калі раптам самая старая з жанчын, якая праз тое, што была самай старой, глядзела на тапельца ня столькі з замілаваньнем, колькі са спачуваньнем, уздыхнула:

— Мяркуючы па твары, зваць яго Эстэбан.

Гэта было так. Большасьці дастакова было проста зірнуць на яго яшчэ раз, каб зразумець, што іншага імя ён мець ня мог. Самыя ўпартыя, якія былі й самымі маладымі, трымаліся за ілюзыю, што, калі яго апрануць, пакласьці сярод кветак і абуць у чаравікі з лакаванай скуры, ён мог бы звацца Ляўтара. Аднак гэтая ілюзыя была з пустых. Тканіны не хапала, штаны, кепска пакроеныя й яшчэ горш пашытыя, былі яму вузкія, а таемныя намаганьні яго сэрца прымушалі гузікі саскакваць з кашулі. Пасля поўначы посьвіст ветру абарваўся й мора залегла ў звычайную сьпячку серады. Ціша пакончыла з апошнімі сумневамі: гэта Эстэбан. Жанчыны, якія апраналі яго, каторыя рабілі яму прычоску, тыя, што абразалі яму пазногці й вычэсвалі бараду, не маглі стрымаць дрыготу шкадаваньня, калі пакідалі яго распластаным на падлозе. Толькі тады яны ўсьвядомілі, колькі няшчасьця мусіў нацярпецца ён са сваім велізарным целам, калі нават пасьля сьмерці яно яму перашкаджала. Пры жыцьці ён бачыўся ім асуджаным на тое, каб праходзіць у дзверы паўбокам, каб біцца галавой аб бэльку, каб прыходзіць у госці і ўвесь час стаяць, ня ведаючы, што рабіць са сваімі далікатнымі ружовымі рукамі краба, пакуль гаспадыня шукае самы моцны стул і, мёртвая ад жаху, упрошвае яго “сядайце сюды, Эстэбан, зрабіце ласку”, а ён, падпіраючы сьцены, усьміхаючыся, “не хвалюйцеся, сэньнёра, мне й так добра”, з абмулянымі да крыві пяткамі й з абадранай сьпінаю, у кожны візыт паўтарае адно й тое ж “не хвалюйцеся, сэньнёра, мне й так добра” толькі дзеля таго, каб не чырванець праз сапсаваны стул, і ён, магчыма, так ніколі й не даведаўся, што тыя, хто казаў “ня ідзі, Эстэбан, пачакай хаця б, пакуль зварыцца кава”, былі тымі ж, хто потым шаптаў “урэшты сышоў вялікі ёлуп, урэшты сышоў прыгожы дурань”. Так думалі жанчыны, стоячы перад трупам незадоўга да сьвітаньня. Пазьней, калі яму накрылі хусткай твар, каб не турбавала сьвятло, яны ўбачылі яго такім памёршым назаўсёды, такім безабаронным, такім падобным да іх мужоў, што па сэрцах іх пабеглі першыя расколіны, напоўненыя сьлязьмі. Пачатак усхліпваньням паклала дзяўчына з малодшых. Астатнія, падбадзёрваючы адна адну, пераходзілі ад уздыхаў да стогнаў, і чым больш яны ўсхліпвалі, тым больш ім хацелася плакаць, бо кожны раз, калі яны адпускалі тапельца, ён вяртаўся да іх усё больш Эстэбанам, ажно пакуль не заплакалі так, што ён зрабіўся самым бездапаможным чалавекам на зямлі, самым рахманым і самым паслужлівым, бедны Эстэбан. Такім чынам, калі мужчыны вярнуліся з навінай, што й у навакольных вёсках пра тапельца таксама нічога ня ведаюць, жанчынам адчулі гэта выспай радасьці ў моры сьлёз.

— Дзякуй Богу, — уздыхалі, — ён наш!

Мужчыны верылі, што гэтая мітусьня была ня болей чым параджэньне жаночай легкадумнасьці. Адзіным, чаго яны, стомленыя выкручастымі начнымі расьсьледаваньнямі, хацелі, было зараз жа ськінуць зь сябе цяжар уварваньня, пакуль не запалілася лютае сонца сухога зацішнага дня. Яны зымправізавалі насілкі з рэштак фока й гіка й умацавалі іх карлінгсамі, каб насілкі гэтыя вытрымалі вагу цела, пакуль яго будуць несьці да кручы. Хацелі ланцугамі прывязаць да яго шчыкалатак якар з гандлёвага судна, каб ён без перашкод апусьціўся на дно самых глыбокіх мораў, дзе рыбы невідушчыя й нырцы гінуць ад настальгіі, каб благія плыні не вярнулі яго на бераг, як ужо здаралася зь іншымі целамі. Але чым больш яны сябе падганялі, тым больш іх часу аднімалі ўсё новыя замарочкі жанчын. Яны бегалі, нібы напужаныя куры, і хапалі з куфраў марскія амулеты, некаторыя таўкліся пад нагамі, бо хацелі пакласьці тапельцу скапулярыі для добрага ветру, іншыя лезьлі пад руку, каб начапіць яму накіроўчы бранзалет, і, урэсьце, ад столькіх “выйдзі адсюль, лярва, засунься туды, дзе ня будзеш перашкаджаць, бачыш жа, я з-за цябе ледзь не валюся на нябожчыка”, мужчынам, якія наліваліся падазронасьцю, усё гэта села ў пячонках, і яны пачалі бурчаць, маўляў, навошта столькі жалезак з галоўнага алтара чужынцу, калі, колькі б чаго не было на ім панавешана, яго ўсё адно зжуюць акулы, але жанчыны працягвалі корпацца са сваімі сьмецьцевымі рэліквіямі, прыносілі й адносілі, спатыкаліся, пакуль зь іх з уздыхамі выходзіла тое, што не магло выйсці са сьлязьмі, і давяло гэта мужчын да таго, што тыя сарваліся й выбрахалі, дзей, зь якога часу такія турботы аб нейкім залётным мерцьвяку, аб нічыйным тапельцы, аб сранай падле. Тады адна з жанчын, зьбянтэжаная гэткай зьнявагай, зьняла з твару нябожчыка хустку, і ў мужчын адняло мову.

Гэта ж Эстэбан. Ня трэба было паўтараць, каб яны яго пазналі. Калі б ім сказалі, што гэта Сэр Уолтэр Рэлі, яны, магчыма, уразіліся б яго акцэнтам грынга, папугам ара на плячы, яго аркебузай для забойства канібалаў, але Эстэбан мог быць такі толькі адзін ва ўсім сьвеце, і вось ён ляжыць, распластаны, нібы рыбіна, бяз ботаў, у штанах неданошанага дзіцяці й з гэтымі каменнымі пазногцямі, абрэзаць якія можна толькі нажом. Дастаткова было зьняць з твару хустку, каб зразумець, што яму сорамна і што няма яго віны ў тым, што ён такі вялікі, і цяжкі, і прыгожы, і калі б ён ведаў, што такое здарыцца, ён бы патануў у больш адасобленым месцы, “сур’ёзна, я б прывязаў да сваёй шыі якар з галеона й нядбала сігнуў з кручы, каб ня быць зараз, як вы кажаце, мерцьвяком серады, каб не турбаваць нікога гэтым падлавым глупствам, якое да мяне ня мае аніякага дачыненьня”. У тым, як ён існаваў, было столькі праўды, што ўсе мужчыны, нават самыя недаверлівыя, якім уедлівыя марскія ночы падаваліся нясьцерпнымі, бо даводзілася баяцца, што жонкам абрыдзе сьніць іх і яны пачнуць сьніць тапельцаў, нават гэтыя й іншыя, больш цьвёрдыя, скалануліся ўсім целам ад шчырасьці Эстэбана.

Так ён атрымаў самае пышнае пахаваньне, якое толькі магло быць у пакінутага ўсімі тапельца. Некаторыя з тых жанчын, што пайшлі па кветкі ў суседнія вёскі, вярнуліся зь іншымі, якія не давалі веры таму, што ім расказалі, і, калі гэтыя бачылі нябожчыка, таксама сыходзілі шукаць кветкі й прыносілі яшчэ й яшчэ, пакуль не назьбіралася столькі кветак і столькі народу, што ўжо ледзьве магчыма было ступаць. У апошнюю гадзіну яны пашкадавалі вяртаць у воды сірату й абралі яму сярод найлепшых бацьку й маці, іншыя ж зрабіліся братамі, дзядзькамі й стрыечнай раднёй, так што праз яго ўсе жыхары вёскі апынуліся адзін аднаму сваякамі. Нейкія маракі, якія на адлегласьці пачулі плач, зьбіліся з курсу й, прыгадаўшы старажытныя паданьні пра сырэн, прывязалі сябе да галоўнай мачты. Пакуль спрачаліся за прывілей на сваіх плячах несьці цела да стромкага схілу кручы, мужчыны й жанчыны ўпершыню ўразумелі спустошанасьць сваіх вуліц, сухасьць сваіх патыё, абмежаванасьць сваіх мар перад веліччу й прыгажосьцю свайго тапельца. Яго адпусьцілі бязь якара, каб ён змог вярнуцца калі пажадае, і ўсе затрымалі дыханьне на той урывак веку, які цела ляцела ў бездань. Не было неабходнасьці абягаць адзін аднаго вачыма, каб упэўніцца, што ня ўсе на месцы й гэта ўжо ня выправіць. Але яны ведалі таксама, што з гэтага моманту ўсё будзе йнакш, што ў іх хатах будуць больш шырокія дзьверы, больш высокія столі, больш трывалыя падлогі, каб успамін аб Эстэбане мог хадзіць усюды й ня біцца аб бэльку, і што ніхто надалей не наважыцца шаптаць “урэшты памёр вялікі ёлуп, урэшты памёр прыгожы дурань”, бо яны пафарбуюць фасады ў яркія колеры, каб увекавечыць памяць аб Эстэбане, і пазрываюць сьпіны, раскопваючы крыніцы ў камянях і сеючы кветкі на скалах, каб у наступныя гады пасажыраў вялікіх караблёў у адкрытым моры абуджаў на сьвітаньні задушлівы пах садоў і капітан мусіў спускацца зь юта ў сваім урачыстым абмуньдзіраваньні, са сваімі астралябіяй, Палярнай зоркай і тасьмой мэдалёў вайны і, паказваючы на мыс руж на гарызоньце Карыбскага мора, на чатырнаццаці мовах казаць: “Глядзіце туды, дзе вецер зараз такі лагодны, што ўсе сьпяць проста пад ложкамі, туды, дзе сонца зьзяе так, што сланечнікі ня ведаюць, куды глядзець, так, там — вёска Эстэбана”.



Author

Dan
Ilya Dudarchik
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About