Donate
многая лéта #1

Карын Бое. Мая скура поўніцца матылькамі

многая лета25/07/25 10:5581


пераклад са шведскай Веры Бакстэр
са зборніка "Дзеля дрэва" (1935)

Вядома, балюча

Вядома, балюча, калі разбухаюць пупышкі.
Іначай з чаго вясне быць такой нясмелай?
Іначай з чаго палымнеючым нашым жаданням
закоўваць сябе ў холад страшэнна-змярцвелы?
Усё-ткі пад кажухом схавалася кветка ўзімку.
Што гэта за новая сіла нутро разрывае?
Вядома, балюча, калі разбухаюць пупышкі,
балюча ўсяму, што расце, і ўсяму, што хавае.

Бясспрэчна, няпроста, калі ападаюць кроплі.
Трывожна дрыжаць, з цяжару ледзь могуць трымацца,
павіслі на кволай галінцы, брыняюць, слізгаюць, —
цяжар іх валіць да долу, ды ўмеюць чапляцца.
Няпроста жыць у сумненні, разладзе і страху,
няпроста чуваць, як бездань кліча да смерці,
і ўсё ж заставацца ды толькі трымцець употай —
няпроста і прагнуць упасці, і прагнуць замерці.

Калі дапамогі няма, ні тым болей надзеі,
тады разбухаюць пупышкі, бы радасны воклік.
Калі не стрыманы нікім страх у сілу бярэцца,
тады з галінак спадаюць бліскучыя кроплі,
забыўшы трывогу перад нязведаным шляхам,
забыўшы колішні страх перад сілаю новай —
знайшоўшы на міг свой самы надзейны прытулак,
спакой у даверы, што ёсць усяму асновай.


Спелы, бы плод

Спелы, бы плод, свет ляжыць у маіх абдымках,
саспеў уначы ён,
лупіна ягоная — тонкая сіняя корка — раздзімаецца, бы пузыр,
а сок ягоны — салодкі, духмяны, бруісты, запальны паток святла.

Адсюль у празрысты сусвет занураюся, бы плыўчыха,
затануўшы ў купелі спеласці і паўстаўшы для моцы спеласці.
Асвечаная на дзею,
лёгкая, бы смех,
рассякаю золата мядовага мора, прагнага да маіх згаладнелых рук.


Дрэва пад зямлёй

Расце пад зямлёй дрэва;
Мардуе мяне міраж,
песня з жывога шкла, з запальнага срэбра.
Як цемра перад святлом
растаць мае ўвесь цяжар,
дзе адзіная кропля спадае з песні лістоты.

Мардуе мяне трывога.
Яна сачыцца з зямлі.
У жорсткіх слаях зямлі пакутуе дрэва.
О вецер! О сонца святло!
Адчуйце тую пакуту:
абяцанні водару райскіх цудаў.

Дзе вандруеце вы, крокі, хадой
такой мяккай ці цвёрдай,
што трэскаецца кара і выпускае здабычу?
Дзеля дрэва, дайце спагады!
Дзеля дрэва, дайце спагады!
Дзеля дрэва я заклікаю вас з чатырох бакоў свету!
Альбо дачакацца нам бога — якога?


Непахісны

Непахісны, непахісны
той, хто спазнаў выслоўе спрадвечнае:
Няма няшчасця і шчасця.
Ёсць толькі жыццё і смерць.

І калі гэта ўцяміш і кінеш гнацца за ветрам,
і калі гэта ўцяміш і кінеш баяцца буры,
тады вяртайся ка мне і вучы мяне зноў:
Няма няшчасця і шчасця.
Ёсць толькі жыццё і смерць.

Я пачала прамаўляць, калі ўва мне нарадзілася воля,
і скончу прамаўляць, калі волі прыйдзе канец.
Тайну выслоўяў спрадвечных
мы спасцігацьмем да смерці.


Мая скура поўніцца матылькамі

Мая скура поўніцца матылькамі, трымценнямі крылцаў —
трымцяць, і злятаюць на луг, і частуюцца мёдам,
трымцяць, і злятаюць дамоў, і ўміраюць у сумных спазмах,
і ніводнай часцінкі пылку не зварушаць лёгкія крокі.
Сонца існуе для іх — палаючае, неабсяжнае, спрадвечнае…

Але пад скурай і кроўю і ў мозгу касцей
б’юцца скаваныя туга туга арлы,
шыракакрылыя, з тых, што ніколі не спусцяць здабычы.
Чым была б ваша трывога вясновай марской навалай?
Чым быў бы ваш крык, калі б сонца загартавала жоўтыя вочы?
Заваліла пячору! Заваліла пячору!
А паміж кіпцюроў бялеюць падвальныя парасткі
звілістых нерваў маёй сарцавіны.


Ідылія

Твой голас і крокі падаюць мяккай расой на мой дзень, поўны працы.
Там, дзе сяджу, вясна налівае паветра наўкола тваёй жывой цеплынёй.
Ты квітнееш у маіх думках, ты квітнееш у маёй крыві, аднаго я баюся —
Каб шчаслівыя рукі мае не сталі цяжкімі ружамі.

Цяпер прастора штодзённасці нас атачае, бы плаўная, лёгкая дымка.
Ці баішся турмы, ці баішся захлынуцца ў шэрані?
Не бойся: унутры штодзённасці,
у сэрцы жыцця сусвету,
палае ціхуткай песняй глыбокае, тайнае свята.


Вальпургіева ноч

Нарэшце стаю пад гарою лёсу.
Наўкола змрочнымі хмарамі
злятаюцца бясформенныя істоты, стварэнні сутоння,
чарнакрылыя,
фасфаравокія.
Застацца? Пайсці? Цемра дарогай.
Застацца ціха вось тут, ля падножжа —
і ніхто мяне не ўстрывожыць.
Спакойна гляджу на іх барацьбу, бы на гульню імжы ў паветры,
сама я — толькі разгубленае вока.
Але пайсці, пайсці — значыць, забыцца на ўсё.
Хто гатовы на гэты крок,
для таго жыццё — казанне.
Сама агонь,
я асядлаю віхурыстых вогненных змеяў.
Сама вецер,
я ўзлячу на крылах ветравых цмокаў.
Сама нішто,
сама згубіўшыся ў буры,
я рынуся да мёртвых ці да жывых — лёс, абцяжараны будучым.


Крывая сасна

Тут, пад адвечным сіверам,
чэзне на камені крывая сасна,
крывіцца да стомы,
курчыцца ўпарта,
корыцца ветру.

Чорнымі проці вячэрняга змрочнага неба
крэсляцца звілістыя, прывідныя рысы.
Пачвару хапае нянавісць
да пачвары.
Стогн праймае рваныя кроны:
О, каб пабачыць хоць раз,
як стройна ў сонечных промнях
растуць каралеўскі дуб,
бяроза хлапечая,
дзявочы клён залаты.

Схавай свае мары, калека.
Тут — найдалейшыя шхеры. Наколькі хапае вока:
Крывая сасна.


Веда

Усе баязліўцы прыйшлі з даўгімі сачкамі
сустрэцца з агромністым смехам мора.
Сябры, што шукаеце вы на ўзбярэжжы?
Веду няможна ўхапіць,
няможна займець.

Але калі прама, бы кроплі,
шукацьмеце згубы ў моры,
гатовыя да любога пераўтварэння —
тады прачнецеся з перламутравай скурай
і зялёнымі вачыма
на лугах, дзе пасуцца марскія коні,
і будзеце ведай.


Малітва сонцу

Няўмольнае, з вачыма, што ніколі не ведалі цемры!
Збавіцель, ты, што б’еш залатымі молатамі льдзіны!
Ратуй мяне!

Прамыя, бы тонкія рыскі, карэньчыкі кветак усмоктваюцца ў вышыню:
бліжэй да цябе дрыжацьмуць іх падвяночкі.
Дрэвы выстрэльваюць моцай, бы калонны, да ўласнай славы:
толькі ўверсе
раскрываюць яны абдымкі з лістоты, прагнай да святла, набожнай.

Чалавека прыняў ты
з камення ўкапанага з позіркам невідушчым
да хадзячага, хісткага дрэва з райскім ветрам наўкола лба.
Сцябло і корань — твае. Твой — ствол.

Ратуй яго.
Не маё жыццё. Не маю скуру.
Над гэтым няўладны ніводны бог.
З вачыма пагаслымі і целам разбітым
той, хто жыў стойка — твой,
і з тым, хто ўмірае стойка,
ёсць ты, калі цемра зжырае цемру.
Гул нарастае. Ноч разбухае.
Жыццё зіхаціць найглыбейшым скарбам.
Ратуй, ратуй, о відушчы божа,
тое, што сам дараваў.

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About