Donate
многая лéта #1

Патрыцыя Калаіты. Пэрсэфонін комплекс

многая лета19/06/25 09:59112


пераклад з грэцкай М. Дунай-Гверц


*

 Ніхто не будзе на цябе крычаць калі ты памрэш

Пэрсэфонін комплекс

Не памятае калі
Не можа сказаць як
Усё ж у нейкі момант
Палюбіла сваю дачку
Цяпер прагне толькі каб ніколі нічога не мянялася
Каб заўжды трымаць
Мяккае цельца
непарушнае і соннае
з вуснамі напаўадкрытымі
ля свайго смочка.


*

Прамоўца А: Я памёр, ці застануся я мной?
Прамоўца Б: Што ты такое пытаеш? Кінь.
Прамоўца А: Не, не, я хачу сказаць. Ці той, хто памірае, застаецца самім сабой?


*

Пасля бітвы пры Ватэрлоа марадзёры пачалі вырываць зубы ў загінулых або цяжка раненых салдатаў з мэтай абагаціцца на пратэзах для заможных брытанскіх буржуа. Паколькі мужчыны, якія «палеглі» пры Ватэрлоа, былі маладога веку — а сківіцы іх адрозніваліся выключным здароўем — то пратэзы з зубоў Ватэрлоа мелі попыт.

Waterloo Teeth (Зубы Ватэрлоа)

[Палеглы ніцма з тварам аблепленым граззю]
Для гэтага значыць было Ватэрлоа?
Каб вось так густая цемра жэрла маю скуру
І каб пратэз з маіх зубоў насіла
Нейкая бяззубая старая
з-пад Іслінгтана? 


*

Партрэт Пэрсэфоны, або Дылема

Дачка любіць маці любіць маці так што амаль багоміць маці дачка любіць маці так што ненавідзіць маці дачка маці ненавідзіць таму што любіць маці так што любоў да маці не дае дачцы любіць дачку не дае дыхаць любоў да маці не дае дачцы жыць.


*

Алавяны салдацік: БІЯГРАФІЧНАЯ НАТАТКА

Камень, або акамянелае дрэва.
У дзяцінстве яна разам з сястрой трымала шпіталь для маленькіх жывёл.
Гадамі была часткай вандроўнага тэатра — выконвала «Вялікую Пацеху».
Паміж вайсковых каманд яна рабіцьме практыкаванні на голад
або апавядацьме вам сваю гісторыю.


*

Алавяны салдацік

Зва-а-а-ажай 
На плячо, за зброю
Зва-а-а-ажай
На плячо —

Першы рух які згубіў свой сэнс
пасля гадоў жыцця нібы з волава
гэта дуга каторую
падчас ежы выпісвае рука
ад талеркі да рота

Зв-а-а-ажай
На плячо —
На плячо, я сказаў
На плячо

Ты? Ці бачыў ты калі-небудзь такога худога чалавека, што вопратка на ім вісіць як на цвіку?

— Я не ведаю, што сказаць пра сябе. У дзяцінстве мы з сястрой трымалі шпіталь для малых жывёл. Вось, назвалася.

— Аднойчы я выпіла нейкую таблетку, – казала ты. Ледзь не памерла…

І ты сказала гэта так, як кажуць «Сёння панядзелак» або «Дзе ты быў улетку?»

Крок за крокам, паступова, марудна і ўпарта, з сілай сталагміта я камянела. Не ведаю, што гэта быў за тэатр, з якім я падарожнічала. Якую меў назву. Адзінае, што магу прыгадаць, — як багажнік пікапа зачыняецца над маёй галавой. Нас матляла па гравейцы недзе гадзіну. Задушлівы пыл мне больш мроіцца, чым прыпамінаецца:

Спадарства! Сустракайце!
Унікальнае прадстаўленне!
Толькі сёння!
Для вас: Камень, Акамянелае дрэва, або папросту Вялікая Пацеха!

На маіх галінах не гушкаюцца дзеці
На мае галіны не сядаюць птушкі
Мае галіны не мокнуць ад ранішняй расы.

Спадарства!
Паэт — гэта той, хто чуе свой аглушальны голас у галаве! Спадарства, падумайце толькі!
Лёс статуі — гэта надзея на вызваленне з каменя!


*

Што значыць «памерці»?
Калі ты ёсць і затым цябе больш няма.

 

*

Запраўка пад бязлітасным сонцам у глушы

На запраўцы маецца нялічная колькасць справаў якія трэба зрабіць. Калі б ты жыў на запраўцы ты б ведаў. Найперш трэба старанна працерці густы пыл з прадметаў. І гэта толькі пытанне часу калі іх пахавае яшчэ гусцейшы слой пылу. 

Вазьмі адсюль і перанясі туды нейкую рэч якую ты ўжо тысячу разоў пераносіў адтуль сюды і адсюль туды. Падцягні з дбайнасцю гайку. І калі папарадкуеш гэтае і гэнае
прысядзь
на крэсла якое заўсёды рыпіць ад тваёй вагі
глядзі
на бясконцую лінію
з якой ніколі нічога не прыходзіць.


*

Пустое месца

У яго памерла жонка
ён пайшоў у сваю вёску і пабраўся з іншай жонкай.


*

Прычына знясілення

Яна худая, вельмі худая Ён побач з ёй занадта блізка да яе Ён уперыўся ў яе вачыма Яна пазбягае ягонага позірку Яна худая, такая худая, што побач з ёй ён здаецца грувасткім і няўклюдным Ён здаецца вялікім Яна вельмі маленькая У іх падобныя вочы Ён ейны бацька Яна глядзіць у іншы бок Ён сочыць за ёй Пад цяжарам ягонага позірку яна патроху зморшчваецца Яна, праз некаторы час, становіцца кропачкай на крэсле Кропачка і ейны бацька Ён прыносіць ёй нешта папіць Яна не звяртае ўвагі і не глядзіць на яго Ён чакае Шукае ейнага позірку Ухвалення ейнага позірку Яна адмаўляе яму Ён падсоўвае кубак бліжэй да яе Ёй нешта кажа Яна не глядзіць і не адказвае Крыху пазней яны сыдуць Спераду кропачка Следам ейны бацька Кубак не крануты

Разумееш?


*

І з тае пары я жыву з тым

што мусіла стацца
і не сталася
цяпер тое што мусіць стацца
больш не стаецца.


*

Матчына любоў

Маці трушчыць калені дачкі
Перш адно
Затым другое
Пасля пачынае чараду тэстаў
Садзіць дачку на кукішкі
«Падыміся» кажа ёй
«Але я не магу» адказвае дачка
Маці цягне яе за падпахі
Ставіць яе вертыкальна і падымае ейныя нягеглыя рукі
Паўтарае тэст два-тры разы
Дачка кожны раз складваецца як лялька
Тады маці абдымае дачку за плечы
«Дарагая мая» кажа ёй
«Мілая мая дачушка
цяпер 
— што ж мне рабіць? — 
у такім разе
я стану для цябе мыліцай».


*

Чорная дзіра

Мне трынаццаць гадоў.
Мой дзед памёр у трыццаць пяць.
Гэтак жа і мой дзядзька.
Бацьку майму трыццаць.
Яму засталося
пяць гадоў.
Рот ягоны чорная дзіра.
Горла ягонае чорны танэль.
Вантробы ягоныя чорная пячора.
Мой бацька праглынуў шахту.
І цяпер шахта жарэ яго знутры.
З шахты не збягаў ніхто і ніколі
але я аднаго дня — вельмі хутка —
Скажу 
«Я не хачу памерці ў 35 як мой бацька»
Скажу
«я сталы, маю розум, працавітыя рукі, дам рады»
Я сяду на аўтобус
Паеду ў вялікі горад
Праз некалькі месяцаў
Згаладнелы не спаўшы жабрак
Я сяду зноў на аўтобус
У той дзень ты не выцягнеш з мяне ані слова
І я не падыму вачэй
Ад чорнага асфальту
З сораму не зірну на цябе
Позіркам таго
хто вяртаецца памерці ў шахту.

 

*

Прамоўца А: Дзе ты? Я цябе не бачу.
Прамоўца Б: Я ведаю. Гэта няважна. Ты адчуваеш, як я трымаю тваю руку?
Прамоўца А: Так.

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About