Donate
многая лéта #1

Васка Попа. Жалезная яблыня

многая лета12/06/25 05:0337


пераклад з сербскай А. М.

Глыбока ў нас

Гэта табе вусны,
якія вяртаю
тваёй шыі.

А гэта мне поўні сяйво,
якое здымаю
з плячэй тваіх.

Згубіліся мы
у непраглядных лясах нашай сустрэчы.

У далонях маіх
світаюць і меркнуць
шчокі твае.

У душы тваёй
палаюць і гаснуць
зоры мае трапяткія.

Знайшліся мы
на залатым узвышшы
глыбока ў нас.


У далонях

У далонях
Я грэў вуліцу,
Па якой ты вярнулася.

Голас твой на дахах
Страціў беласць.

Хвілі, з якімі я жыў сам-насам,
Устаюць перад табой
З крэслаў заснежаных.


Вуліцы позіркаў тваіх

Вуліцы позіркаў тваіх
Канца не маюць

Ластаўкі з вачэй тваіх
У вырай лятуць

З асіны ў грудзях тваіх
Лісце не ападае

На нябёсах сказанага табой
Сонца не заходзіць


Знаёмства

Не спакушай мяне сіні звод
Не танчу
Ты звод сасмяглых паднябенняў
Над маёй галавой

Стужка прасторы
Не віся вакол маіх ног
Не зачароўвай мяне
Ты нядрэмны язык
Семіканцовы язык
Пад маімі ступнямі
Не іду

Дыханне маё бяскрыўднае
Дыханне маё сціснутае
Не п’яні мяне
Чую дух звера
Не танчу

Чую знаёмы сабачы ляскат
Ляскат зуба аб зуб
Адчуваю змрок пашчы
Які мне вочы расплюшчвае
Бачу

Бачу не сню


Размова

Чаму ўскіпаеш
І берагі мяккія пакідаеш
Чаму кроў мая

Як мне цябе адпусціць
На сонца

Ты ўяўляеш пацалунак сонца
Ты ўяўлення пра тое не маеш
Падскурная рака мая

Баліш мне
Носіш мне галлё і каменне
Што з табой гарэза мая

Разарвеш маё бясконцае кола
Якое мы яшчэ не абвялі
Чырвоная змейка мая

Ты толькі цячы далей
Каб ступні цябе не разнеслі
Як можаш далёка бяжы кроў мая


Жалезная яблыня

Дзе мой спакой
Непарушны спакой

Жалезная яблыня
Цемя ствалом мне прабіла
Грызу яго
Сківіцы згрыз

Лісцем мяне скавала
Скубу яго
Вусны саскуб

Галінамі мяне аблытала
Ламаю іх
Пальцы пераламаў

Дзе мой спакой
Нязломны спакой

Жалезная яблыня
Карэнне глыбока
Мне ў мяккую глебу пусціла
Рву яго
Вантробы вырваў

Пладамі мяне атрутнымі корміць
Тачу іх
Мозг стачыў

Дзе мой спакой
Жалезнай яблыні
Будзе першая ржа і апошняя восень

Дзе ж дзе ж мой спакой

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About