Янка Юхнавец. Адам і Ева - частка І
I.
Ранiцай
1
Ранiца яшчэ.
Ў сьвятле сваiм
сонечнай цеплынi
усюды месца ёсьць.
Бы дрэва
ледзь-ледзь затлелае,
на зямлю абваленае
ў самую вясну-вясьняную —
раса парыць
з лугоў,
з далавы шырокай i аблеглай,
з роўнядзi зялёнай i квяцiстай.
Дрэвы,
быццам далавы i роўнядзяў суччо,
блiжэй да неба ўздымаюцца.
Птушыныя лёты вецьцямi,
бы дрэваў тых,
неспадзеўна ветрам адарваных,
кагортамi за небасхiл
зьнiкаюць.
Сьпеў iхны падае
плажмiста да зямлi,
ў званiстасьць свае песьнi,
ў набожнасьць, што не стамiлася
ацiхаць трывогай, —
красатосьць ня згубiцца
прад уявай
ўсячутнае прыроды.
Узгорак глiнiсты, сукравiчны,
у сухацьветах рэдкiх,
адхонiста спусьцiўся прад садам райскiм,
расой дымiць таксама.
У садзе пладзiнёй убранае лiсьце
вохкасьцяй серабрыцца, бадай што змрочнай.
Шарахнявыя каменi
й пачарнелыя,
бы рукi нейкiя анямелыя
трымаюць iх
i нават сьпеляць пад сонцам ранiшнiм.
Усё навокал — польза ёсьць —
жаласьлiва, дый падступна:
сiла сьпялiстасьцi сядзёрыстая,
не ацiхлая нат уночы,
жыцьцёвыя трымценьнi падзiрала.
2
Прыходзiў час — развалiны, пакуль!..
Вецер пачынаў разьдзьмухваць
рухлiвасьць дрэў
i красак, адцьвiцелых у сваёй пары;
у блiзiне сухмарак гурмiста птушкi лёталi;
шархлiвым кругам ля камлёў лiсьцё
лажылася;
пладзiня пасьпелая, калярыстая
з галiн ападвала ў гушчыню травы
ды на шыпулi кустоў прыземiстых.
Прасторы ранiшнiя не былi званiстыя,
рэха ня несла далёка адгалоскаў.
Шамцела. Расьлiнам не перапалох
ад ветру скратнага,
бы мушлi высыпаныя iз прыгоршняў.
А д а м.
Ня ведаю, як будзе доўга
маё жыцьцё цягнуцца ў маiм целе.
Ўжо тыдзень (днi лiчыць я навучыўся)
хаджу да мора слухаць хвалi
i для яды зьбiраць
на бераг вымытыя мушлi.
На камень сеўшы адпачыць,
цяпер ня чую шум анёльскiх крылаў.
Адно мора плюскочыць каля ног,
iх сьцюдзянiць, як зямля — карэньне…
Хачу я гутарыць iз сабой,
слаць вiтаньнi абы-каму за небакрай:
цi Богу, цi нябачнай дзесьцi далёкай хвалi.
Хачу ў пуцявiну мора апусьцiцца,
каб знайсьцi адгукi мае гамонкi…
Па ўзьбярэжжы (нiколi мне ня думалася)
сьцелецца прывольле, што працы просiць.
Дыханьнем глыбокiм яго хвалюе неба,
пра якое я маўчаў калiсьцi…
Душу кранаю думкамi й развагамi,
ад iх, мой Божа, не адступлю напэўна.
Ня быўшы маленцам (ранейшае, здаецца, перажыта),
я ўжо скараюся жыцьцю й спадзеву iншаму…
Адзiнотны я. Мне помач, Божа, трэба.
Неаднойчы Цябе я патурбую просьбай
з вуснаў грэшных, але набожна шчырых.
Павер,
душа мая ня ўсiм убралася,
што пакiнуў тут на зямлi вялiкай.
У кажнай сьценi дрэва,
побач нат зы мной,
я падслухоўваю цiхату Тваю,
але помач толькi:
— Адам, Адам,
разважай,
хвалюйся.
Схаваўся голас мой у грудзях морскiх…
Заходам сонца (так было калiсьцi)
ня чую гiмнаў Боскiх.
Як i раней, я перад Табой укленчаны,
але мальбе цяперашняй словаў нестае.
Нестае мне райскiх кволасьцяў ды радасьцяў,
каб iмi пахвалiць Цябе
за дайнасьцi штодзённыя.
Я чую гутарку сваю —
яна суродзiч маiх пачуцьцяў няўветных.
I думкi — яны, як бы кручалiны,
схаваныя ў заросьнях.
Але за iмi падкрадлiвы iду
ступаньнем першым першага чалавека.
Калi толькi гутаркай ды думкамi адолею
я асягнуць i час, i быцьцё зямное,
ракой прыплыўнай буду поўнiць мора
жыцьця васкрослага iз цудамi патаемнымi,
не векавiста бязьiменнымi…
(Зноў пачынае зьбiраць мушлi.)
Е в а (уводдалi, каля пячоры).
Шкада цябе, Адам, i радая —
тваё iмя я ведаю…
Ты высiшся над морам,
здаецца мне, i хмарай, i скалою,
твой пот ад працы сьцячэ у мора кроплямi
расiнаў цi дажджу…
«Адам, Адам!» — вось зараз я паклiчу.
Мой голас паляцiць мiж небам ды зямлёй.
I вушы
ягоныя i мае
пачуюць рэха небывалых скрыкаў…
Ён упершыню адыходзiць ад мяне.
Нiколi ён ня клiкаў: «Ева! Ева!»
Нiколi не шукала я, называючы яго:
«Адам! Адам — дзе ты?»
Ён быў раней заўсёды побач.
Як ён уважлiва перабiрае мушлi,
абмывае iх ад тванi й пяшчынаў.
Мiлей, чым хвалi мора,
на галаве яго валосьсе
кудлочыць вецер.
Ён цяпер увесь у працы,
ён увесь у схове недадумнасьцяў,
на ляжаньне райскае забыўся…
А д а м (заўважыўшы Еву, голасна да яе).
Хадзі сюды!
Е в а (iдзе да Адама, голасна таксама).
Сваю працу
я скончыла даўно.
Адам кiдае прыгаршню мушляў у мора, iдзе насустрач.
Е в а (абдымаючы яго).
За табою зводдалькi назiрала я…
Хачу цябе, як сонца, асьвяцiць.
Мой кажны дадатак да цябе —
пешча Боская,
што часiну кажную надуманы ўцячы
з маiх рук
гэтак, гэтак чуткiх…
А д а м.
Ева, ты — як дрэва тонкае
пад подзьмухам ветраным…
Е в а.
Адам… ты карэньне дрэва гэтага.
…Чую, чую ўсiм сэрцам —
растуць яны ў целе маiм.
А д а м.
Нашым пешчам тыдзень ужо мiнуў,
але тым сорамам
i страхам
цьвялюся я…
Е в а.
Бог сказаў нам свой прысуд,
i нам засталося маўчаць прад Iм заўсёды.
Хвалi за мiласьць: да самай сьмерцi
на зямлi пакiнуў Адама i Еву.
А д а м.
Ева-а!
Сваволiш ты ад радасьцi невядомай!..
Ты большыш, большыш грэх!…
Ева, можа сяньня цi мо заўтра
адчую я, што ня знаў нiколi,
iдучы без мальбы, цi ранiцай, цi ночай,
мiж зьвяроў цяпер хiжацкiх,
мiж шчабятаньняў шматпеўных птушак,
што гнёзды вiць пачалi ў скоймах скал,
у затулах недаступных.
Е в а (прыхiнаецца да Адамавых ног).
Адам, твая нага крывавiць!..
А д а м.
Аб скалу… мо мушляй абадраў.
Мы ж кроў ня бачылi нiколi.
Е в а.
…болесьць пешчай утулю.
А д а м.
Ты пагарджаць
мне даеш параду.
Е в а.
Не дакучай развагамi!
Хадзем вячэраць.
А д а м (iдзе да пячоры).
Я ж мушлi пакiнуў на ўзьбярэжжы.
Е в а.
Яны у волi нашай
нiкуды ня дзенуцца…
І навошта рупiцца пра яду —
яе на колькi дзён нам стане?
А д а м.
Бог не вучыў яду ашчадзiць.
Е в а.
Усё цяпер у меру будзе.
А д а м (спыняецца).
Усё было калiсьць у меру,
а не цяпер.
(Больш уважлiва ў бок мора.)
Паслухай мора грокат,
здаецца мне часiнай ён,
калi ты голасам i постацяй аб’явiлася.
Е в а.
Адам, Адам!
Застаўся сьведкам Бога ты…
(Падумаўшы.)
О, як мала ў душы тваёй
таго, што хоча чуць цябе.
Спадзеўся скрыкаў тваiх памочнiкаў,
анёлам для iх будзь,
як некалiсьцi сам ты быў
дзiцянё анёлаў Боскiх.
А д а м.
Хто ты, Ева?
Е в а.
Назавi мяне сужэнкай,
што ў болесьцi
тваiх дзяцей народзiць.
А д а м.
Ева, Ева!
Люблю цябе!
Колькi дзён ужо i ночаў
я прасiў у Бога (а Ён бязмоўны)
вярнуць цябе у цемрадзь касьцей маiх,
але на зьдзек, а можа, на вяшчунства,
мне краска кожная i хваля мора беспрычынная
уторыста казалі:
«Адам, Адам,
Еву беражы,
больш табе няма
каго любiць i цешыць на зямлi».
Е в а.
Я — родная табе…
А д а м.
Як кроў на назе ўняць?
Е в а.
Адам,
не данiмай крывёй мяне…
(Пяшчотна хiнецца да яго.)
Цалункам унiму я кроў тваю.
Зноў прыхлынае яна да цяглiц тваiх
i сэрца скалане
адным-адзiным —
тым,
завошта Бог нас пакараў
нi сяньня, нi ўчора,
а бадай даўно, даўно калiсьцi.
А д а м.
Ева,
я мiж табой i Богам.
Праўдзiвы Ён, i ты праўдзiвая…
Е в а (не дае гаварыць).
Хадзем вячэраць…
Быць мне страшна безь цябе.
Мне надзiцца, усё здаецца:
збыла я век ў дурной хацьбе.
За кустамi хмелю i павiваў
вячорнага неба цiхне цiхата.
Я перад табой… i складкi майго цела
нямотнасьцяй далiн не ацiшэлi…
А д а м.
Ева, я сьцерагу цябе…
Якая сяньня парната.
Е в а.
Ты ж каля мора дзень прабыў.
А д а м.
Але. Але.
У плёскаце хвалi кажнай
я цуднасьць будучую жыцьця
адгадваў.
Е в а.
…i там анёлаў больш ня бачыў?
А д а м.
Не.
Е в а.
Гэта, мабыць, усё сталася,
i больш звароту нам няма —
ляжаць на скалах i глядзець на неба,
слухаць шорах анёльскiх крылаў
i называць жыцьцё у харасьцьве дарлiвым:
рай Боскi, рай Боскi
нам дваiм…
А д а м.
Апамятайся, Ева!
Е в а.
Адам, шкадую я цябе…
Хадзем вячэраць.
А д а м (пакуль iдуць да пячоры).
У поце працы
я красатосьць мiнулую вярну.
Е в а.
Не бярзьдзi, Адам! —
Памочнiкаў я нараджу табе.