Donate
Янка Юхнавец. Адам і Ева

Янка Юхнавец. Адам і Ева - частка ІІ

многая лета05/07/26 16:340


II.
Ноч

Забрунiў ручай чутней
уводдальку пячоры.
Нiжэй заслалася смуга туманная.
Шум ацiх тырсы й дрэваў.
Зоры рэдка
(абы шляхi да неба не забыць)
заiрдзелiся
па куткох нябёсных.
Шамаценьнi крылаў ночных птушак
старэйшымi здаваліся
за шорахi анёльскiя.

Адзiнотным кажная
у ночнай цемрадзi —
адзiнотна кажная
свайму верыць вобразу!
Адно нядаўна душа, аб’яўленая
ў каменнай неманi,
жыцьцём i сьмерцяй
мучыць…

Зьвяры дзесь iншыя
знайшлi мярлогi.
Страхотна падступiцца iм
да мясьцiн Адамавых.
Ён чалавек,
i iхнае жыцьцё
на волю рук яго
аддадзена.
Адам iх бачыў на схоне гор,
i роўнядзяй далiнаў
род розны ад роду iншага
ўцякаў, хаваўся.

Толькi цыркуны ня кiнулi Адама, Еву —
турчэлi у замiне безьненавiсным.
I гадзюкi (бы ветру больш ня будзе)
шасьцелi ў траве, сiпелi.

Е в а.
Адам,
спаць кладзiся.
Зноў я краскi высушыла
на пасьцелю нашу.

А д, а м.
Спаць я не хачу.
Баюся сноў уторных:
боль яны прыносяць мне.
Мiнулай ночы сьнiўся сон:
я зноў адзiн
у рай вярнуўся,
i скарбы усялякiя,
нiколi мной ня бачаныя,
спакволiлi нямотнасьцяй шмат вачэй.
Я намагаўся iх крануць рукамi,
але рукi, як суччо таўстое,
нават крыху ад плеч не зварухнулiся.

Сьцежкi ня вузкiя, а простыя i шырокiя
слалiся прад мной i ў гушчарох гублялiся.
Сьцены навакол з камянёў, дрэвамi аброслыя,
высока ўздымалiся.
Бы на скалу прыморскую,
на iх вышэзнасьць
спрабаў я ўзысьцi,
але постаць мая ўся
адтуль
сыпалася пясочынамi
i замiрала, маўляў насёны прад усходжаньнем.

Е в а (лажыцца на зрыхтаваную пасьцель).
У рай мы больш ня вернемся.
Ня жалься Богу,
а кажы, удзяч мальбой хвалебнай
усёдна я Тваiм жыцьцём жыву,
у вобразе, Табой ствароным.
(Рыньвiста ўстае з пасьцелi.)
…Божа,
Божа Валадарны, iмем гэткiм назваўся нам.
Ева грэху iншага
Адаму не дабавiць!
(Падыходзiць да Адама, ён усё сядзiць каля ўваходу да
пячоры.)
Не пагарджай, не праклiнай мяне!

А д, а м (устае, абдымае Еву).
Ад гэтае начы
нiколi,
нiколi, Ева!
Ты ж мая сужэнка!

Е в а (хоча весьцi Адама да пячоры).
Кладзiся спаць, Адам.
Назаўтра нам
шмат працы ёсьць зрабiць.
Мне хочацца зь пячоры перасялiцца
ў будоўлю,
рукамi нашымi збудаваную.
Нам цесна ў пячоры.
(Ускiдвае валасы на Адамавы плечы, цалуе яго.)
Ты мне мiлей
у поцемку затульным валасоў маiх.
Пяшчоць мяне, Адам,
пяшчоць.

—————————————-

Адам лагодна адхiнуў ад сябе Еву.
Адышоўся ад пячоры. Яна таксама,
трымаючы рукой даўгiя валасы свае,
крокаў некалькi пайшла за iм.
Спынiлася. Моўкла. Усё адгадвала,
дзеля чаго ён паводзiць гэтак.
Ручай брунiў то цiхна, то зычна,
i гадзюка (Ева ўпершыню даведалася)
ледзь не ўкусiла яе за нагу.

Адам пайшоў да хмызьнякоў i трысьнягу
і стуль вярнуўся з ахапкам густога вецьця.
Ева хацела памагчы паднесьцi.
Але ён наўмысна
i неяк, бадай, жорстка,
нiчога ня кажучы,
абышоў яе паўзбоч.
У шызьне ночы яна ўбачыла:
вусны Адамавы незразумела
самi з сабой гавораць.

Ева радавалася. Маўклiвела, як вочы.
Адам вярнуўся зноў, дзе жыве iзь ёй.
Кiнуў хмызьняк каля самае пячоры
i пачаў ля ўваходу расстаўляць яго.
— Уваходзь! Чакай мяне.
Ева ўвайшла да пячоры. Iзноў адчула:
сюды яна прыйшла i засталася жонкай.

Прысела на пасьцелi. Вадрылi пахна высушаныя краскi.
Ня слухала шасьценьня вецьцяў.
Прыгладзiла валасы далонямi
ды вальней на плечы распусьцiла iх.
У маленькiм празорцы, што яшчэ застаўся ўва ўходзе,
бачыла яна: Адам шчыльней, шчыльней яго захутвае.
Ня сьцерпела:
— Адам, навошта гэтак робiш?

Цыркуны цьвiрчэлi. I ручай упобач
у цемрынi пячорнай вадрыста-духатлiвай,
здаецца, плыў праз саму пячору.
Летнi месяц даўно зайшоў.
Адам ня спаў, i ня спала Ева,
яна пяшчотна яго грудзi гладзiла.
— Ева! — адклiкнуўся ён.
Першым, упершыню, ахiнуў яе жарсьлiва.
I да вуснаў ейных шаптаць пачаў
пра жыцьцё вечнае i суладнае.

——————————————

Назаўтрае яна сьмяялася i весялiлася,
аглядзела рану невялiкую на назе Адамавай.
I папрасiла на яе глядзець:
— Адам, я танцаваць перад табой хачу
ўсе рухi сораму грэшнага й нягрэшнага…

Гэтак было вясёла ў сэрцы ейным,
гэтак было радасна i Адаму.
I ён падумаў: жывот Евiн
яшчэ неякую таемнасьць абяцае.

Е в а.
Адам, як люба да тваiх каленаў цёплых
прытулiцца.
Стамiлася ад танцу я… А ты-ы! Зноў сядзiш
i думаеш.
Уверся: ад мiнулай ночы ў табе жыву ўся…
Адам, зноў не захiнай пячору
ад сьвятла месячнага i зор,
калi толькi яны цьвеляць цябе,
схiнiся нада мной,
у змрок гульлiвы майго аблiчча…
Адам, вускрошнiш ты
iз майго цела.

А д, а м.
Ах, не! Шчыльней захутаю
ў пячоры шчылiнку кажную.
Зайдросны я. Я адно жадаю
цябе упобач бачыць.
Хай кажны сьцеражэ
жыцьцё сваё…
«Табе ў муках нараджаць дзяцей», —
i ты i я пачулi зь неба.
Таму ня грэх (зьвяры нас ня ўцемяць),
на зямлi цяпер усё жыве
не жыцьцём сваiм, а з волi Боскае,
зь Ягонага прысуду…

Увечар кажны, з работы iдучы,
буду ведаць:
усе сьцяжынкi — да нашае пячоры.
Тут нашыя здабыткi й гутаркi, й пешчы
тут жывуць…
Сонца вячорнае прасёлiны мiж дрэў
i скал асьвецiць.
Як зоры неба, яно
шырынь раздольля ад пячоры да скраёў зямлi
азначыць…

Пясьцямi вырваць з-пад сподаў скал жадаю
мацнейшае каменьне,
каб толькi iм
загарадзiць усе ступкi й дзiркi,
поўныя тварлiвасьцi маiх рук
чалавечых…

Е в а (перапыняе гутарку).
Найперш кранай таемнасьцi майго цела.
У iм таiцца iснасьць тваiх сыноў.
У цяжкай працы яны табе памогуць…
Ада-а-м,
у змрочнасьцi пячоры маiх вачэй ня бачыш,
у iх ярчэюць цуды тваiх спадзеў.

А д, а м.
Зусiм я маю мала iх.

Е в а (адхiнае з уваходу ў пячору вецьце).
Хачу свабоды нейкай я.
Вось тады
маё сумленьне будзе
чыстае-найчыстым ад грэху нашага.

А д, а м.
Ты новы грэх дзеля мяне таiш.
Застанься лепш надоўга iзь мiнулым,
ужо праклятым Богам, але што шмат
прынёс мне мрояў i развагаў.
Нас Бог пакiнуў,
змоўкнуў каля нас,
усьцярогшы Адама, Еву,
бы памяць,
бы сьведкаў на зямлi, засаджанай морам
i дрэвамi бязь лiку.

Е в а (рупней адкiдвае вецьце ад уваходу ў пячору).
Адам, у мроях я тваiх.
У цьмянасьцi начы, а не пячоры
мае трывогi пра цябе.

А н ё л (зьлятае да Адама; Ева ня бачыць яго).
Адам, слухай i сьцеражы Еву.
(Зьнiкае.)


III.
Палудзень

— Еву сьцеражы, i памагай…
Еву слухай, i пагарджайся, —
сьпяваць, як птушкi, Адам паспрабаваў,
але пад сонцам цяплiстым
падможна
першы сьпеў ягоны
не да сэрца прыйшоўся.
Адаму ўсё цьвярдзiлася:
— Бог, паглядзi, наведай грэшнага…

I ледзь у бок ад хваляў мора
скiдваў мушлi, спажывы поўныя.
Але поўная дзiў была
працы ўцеха,
квальнейшая, чым цела Евiна,
квальнейшая, чым ахалода вячорная.

Скала абвальваецца, падмытая абы-як, —
хвалi мора нехта шпурляць ахвочы
да берагу апорыстага,
у прытулак,
што складна скрэплены
прыплывам ацьвярдзелым заставацца.

Шмат пячораў — прытайнасьць ночаў —
губляюцца разьдзельна памiж хмызьнякоў.
Усьцяж каменьне ўсяляк шарэе,
затулы упрыгожваюць зямлю
i, быццам наўмысна, сьцерагуць
усё, што некалiсьцi знарочна моўкла.

Ад iхнай вогкасьцi блядая Ева,
Ева, жонка першая на зямлi,
выйшла позна на спатканьне дня.
Уся бязьвiнная у воблiку жаночым,
яна была, бадай, далiна тая,
што увясну нiколi не адцвiтае.

Е в а.
Як я люблю Адама на ўзьбярэжжы.
Але чаго да мора
ён гэтак прызвычаiўся?
Усюды роздаль, бы хваль разгоннасьць,
поўная працы, спажывы i жыцьця…

«Хачу я з морам жыць, толькi з морам», —
Адам мне любiць гэтае казаць.
Няўжо ты, мой спадар, ахоўнiк,
не жадаеш быць, чаго шукаў
у Бога i, можа, ува мне?

Я — нiшто. I я — ягоная ахвота.
Чаму ўладнiкам над сабой ня станеш?
Розумам схiнi страх жыцьця свайго,
I ўсё самiм сабой прыбудзе.
(Узiраецца на небакрай; на iм цёмная
навальнасьць хмараў; клiча.)
Адам,
зiрнi на неба!

А д, а м (падышоўшы).
Неба гэткае я сьнiў у снох…
Ты чуеш грымоты?
Мы гэта назавём Пярун,
а дождж з грымотамi прыклiчам навальнiцай…
У пячору найлепш схавацца.

Е в а.
Не барзьдзi туды.
Хачу я сiлай Боскай
налюбавацца…
У пячоры цесна.

А д, а м.
Ева, Ева!
Ты, як лiст апалы,
у прасторы круцiцца хочаш…

Е в а.
Навошта гэткае казаць?
У табе ўсё пярэчаньнi й мроi.
Даверся мне: ад любасьцi да цябе
i да жыцьця
прыстанак наш, пячора,
здаецца вельмi цесны.

А д, а м.
Ева, што ты хочаш?

Е в а.
Хачу пячору нашую пакiнуць,
у новую перасялiцца.
I новую, новую збудуюць
Адам i Ева
сваiмi рукамi.
Хачу блiжэй да сонца i зораў жыць,
вогнiшчы палiць у ночы цёмныя
i ведаць, што прытулак iншы
хоць крыху блiжэй да неба,
хоць крыху вышэй ад крынiцаў,
i творнасьць першая, твая, мая, —
будзе радасьць наша…

А д, а м.
Хай будзе гэтак.

Е в а.
Тады хадзем, агледзiм месца.
Уздойма вунь, аж там, над морам,
самая вышэйшая, мне здаецца.
(Бярэ Адама за руку; адышліся ня вельмi
далёка ад пячоры, як iх напаткаў дождж.)

А д, а м.
Да пячоры вернемся.
Мне страшныя грымоты навальнiчныя.

У гэтую часiну ў дрэва побач зь iм б’е Пярун; дрэва палымнiць.

А д, а м (роспачлiва).
Ева, я асьлеплены!..

Е в а.
Iдзi, iдзi за мной!

А д, а м.
Мне месца ў пячоры стане!

Е в а.
Адам,
дай руку,
iдзi за Евай!
Жывату майму там цесна.
Жывот — пячора тваiм сынам ненароджаным.
Дай iм прастор, прастор, прастор!
Па iх племям,
пакаленьнямi,
лiчбой вялiкай разысьцiся!

А д, а м.
Ева, вядзi мяне —
мне страшна, страшна!
Дрэва палымнiць, бы запаленае вогнiшча; мацнее i дождж.

Е в а.
Я вяду цябе!
Яшчэ навокал толькi сяньня,
а ня заўтра…
Адам,
Ева iз табой заўсёды!

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About