Ты анархіст? Адказ можа цябе здзівіць!
Імаверна, вы ўжо чулі пра тое, хто такія анархісты і ў што яны мусяць верыць. Імаверна, амаль усё, што вы чулі - лухта. Шмат хто лічыць, што анархісты - гэта прыхільнікі гвалту, хаосу і разбурэння, што яны выступаюць супраць усіх формаў парадку і арганізацыі, ці што яны - звар’яцелыя нігілісты, якія проста хочуць усё падарваць. Насамрэч, гэта вельмі далёка ад ісціны. Анархісты проста вераць у тое, што людзі здольныя паводзіць сябе разумна без прымусу. Гэта вельмі простая думка. Але багатыя і магутныя заўсёды лічылі яе вельмі небяспечнай.
Па сутнасці, анархісцкія перакананні засноўваюцца на дзвюх элементарных дапушчэннях. Першае - у звычайных абставінах людзі паводзяцца разумна і годна настолькі, наколькі гэта магчыма, і могуць арганізаваць сябе і свае супольнасці, не маючы патрэбу ў тым, каб ім загадвалі, як гэта зрабіць. Другое - улада псуе чалавека. Найперш, анархізм - гэта проста смеласць кіравацца звычайнымі прынцыпамі прыстойнасці, па якіх мы ўсе жывём, і трымацца ім да лагічнага завяршэння. Як бы дзіўна гэта ні гучала, але ў большасці важных аспектаў ты, хутчэй за ўсё, ужо анархіст - проста не ўсвядомліваеш гэтага.
Для пачатку прывядзем некалькі прыкладаў са штодзённага жыцця.
Калі на пасадку ў перапоўнены аўтобус стаіць чарга, ты чакаеш і не праціскаешся локцямі праз іншых нават у адсутнасць паліцыі?
Калі вы адказалі "так", значыць, вы звыклі паводзіць сябе як анархіст! Самы галоўны анархісцкі прынцып - самаарганізацыя: дапушчэнне, што людзям не трэба пагражаць крымінальным пераследам, каб яны маглі прыйсці да ўзаемапаразумення ці ставіцца адзін да аднаго з годнасцю і павагай.
Кожны лічыць, што здольны паводзіць сябе разумна. Калі чалавек лічыць, што законы і паліцыя неабходны, то толькі таму, што ён не верыць у тое, што іншыя людзі здольныя. Але калі задумацца, хіба ўсе гэтыя людзі не думаюць пра вас дакладна гэтак жа? Анархісты ўпэўненыя, што амаль усе злачынствы, якія прымушаюць нас думаць пра неабходнасць армій, паліцыі, турмаў і ўрадаў для кантролю над намі, насамрэч выкліканы сістэматычнай няроўнасцю і несправядлівасцю, якія гэтыя самыя арміі, паліцыя, турмы і ўрады робяць магчымымі. Гэта замкнёнае кола. Калі людзі звыклі да таго, што на іх меркаванне не звяртаюць увагі, яны, хутчэй за ўсё, стануць злымі і цынічнымі, нават жорсткімі - што, вядома, палягчае мелым уладу задачу казаць, што іх меркаванне не мае значэння. Як толькі яны разумеюць, што іх меркаванне сапраўды мае такое ж значэнне, як і меркаванне іншых людзей, яны робяцца дзівосна ўспрымальнымі. Карацей кажучы, анархісты лічаць, што па большай частцы менавіта ўлада і яе наступствы робяць людзей дурнымі і безадказнымі.
Вы член клуба, спартовай каманды ці любой іншай добраахвотнай арганізацыі, дзе рашэнні не навязваюцца адным лідарам, а прымаюцца на аснове агульнай згоды?
Калі вы адказалі «так», значыць, вашая арганізацыя працуе на анархісцкіх прынцыпах! Іншы фундаментальны анархісцкі прынцып - добраахвотнае аб’яднанне. Гэта толькі справа ўжывання дэмакратычных прынцыпаў у звычайным жыцці. Розніца толькі ў тым, што анархісты лічаць магчымым стварыць грамадства, у якім усё будзе арганізавана паводле такога прынцыпу, усе групы будуць засноўвацца на вольнай згодзе іх членаў, а значыць, адпадзе патрэба ў іерархічных, вайсковых стылях арганізацый, заснаваных на ланцугу падпарадкавання, такіх як арміі, бюракратыі ці буйныя карпарацыі. Магчыма, вы не верыце, што гэта магчыма. Але штораз, калі вы дасягаеце пагаднення шляхам кансэнсусу, а не пагроз, штораз, калі вы добраахвотна дамаўляецеся з іншым чалавекам, прыходзіце да паразумення ці дасягаеце кампрамісу, прымаючы да ўвагі пэўную сітуацыю ці патрэбу іншага чалавека, вы паводзіце сябе як анархіст - нават калі вы гэтага не ўсведамляеце.
Анархізм - гэта тое, як паводзяць сябе людзі, калі іх дзеянні засноўваюцца на асабістым выбары, і калі яны маюць справу з іншымі людзьмі, якія гэтак жа вольныя - і таму ўсведамляюць, што нясуць адказнасць за іншых. Адсюль вынікае яшчэ адзін важны момант: хоць людзі могуць быць разумнымі і ўважлівымі, калі маюць справу з роўнымі ім, чалавечая прырода такая, што ім нельга давяраць, калі яны атрымваюць уладу над іншымі. Калі даць камусьці ўладу, ён амаль заўсёды будзе злоўжываць ёй тым ці іншым чынам.
Ці верыце вы, што большасць палітыкаў - эгаістычныя, карыслівыя свінні, якія не клапоцяцца пра інтарэсы грамадства? Вы думаеце, што мы жывем у дурной і несправядлівай эканамічнай сістэме?
Калі вы адказалі «так», значыць, вы падтрымваеце анархісцкую крытыку сучаснага грамадства - прынамсі, у самых агульных рысах. Анархісты лічаць, што ўлада разбэшчвае, і тыя, хто ўсё жыццё імкнецца да ўлады, - апошнія, хто мусіць яе мець. Анархісты лічаць, што нашая сучасная эканамічная сістэма болей узнагароджвае людзей за эгаістычныя і беспрынцыповыя паводзіны, чым за тое, што яны з’яўляюцца годнымі, клапатлівымі людзьмі. Большасць людзей думаюць менавіта так. Розніца толькі ў тым, што большасць людзей не думае, што з гэтым можна нешта зрабіць, ці, ва ўсякім разе, - і на гэтым заўсёды найбольш настойваюць адданыя слугі мелых уладу - зрабіць нешта, што ў выніку не прывядзе да яшчэ большага пагаршэння сітуацыі.
Але што калі гэта не так?
І ці ёсць хоць нейкая прычына верыць у гэта? Калі гэта атрымліваецца праверыць на практыцы, большасць звычайных меркаванняў аб тым, што адбудзецца без дзяржавы ці капіталізму, аказваюцца абсалютна няслушнымі. Тысячагоддзямі людзі жылі без урадаў. Сёння ў шматлікіх частках свету людзі жывуць па-за кантролем урадаў. І яны не забіваюць адно аднаго. Збольшага яны проста жывуць сваім жыццём, як і ўсе іншыя. Вядома, у складаным, урбанізаваным, тэхналагічным грамадстве ўсё гэта было б складаней: але тэхналогіі таксама могуць значна спрасціць вырашэнне усіх гэтых праблем. Насамрэч, мы нават не задумваліся аб тым, якім магло б быць наша жыццё, калі б тэхналогіі сапраўды выкарыстоўваліся для забеспячэння чалавечых патрэб. Колькі гадзін нам сапраўды трэба працаваць, каб падтрымліваць функцыявальнае грамадства - то-бок калі мы пазбавімся ад усіх бескарысных ці разбуральных прафесій кшталту тэлемаркетолагаў, юрыстаў, турэмных наглядчыкаў, фінансавых аналітыкаў, спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю, бюракратаў і палітыкаў, пераключым нашы лепшыя навуковыя розумы з працы над касмічнай зброяй ці біржавымі сістэмамі на механізаванне небяспечных ці раздражняльных задач накшталт здабычы вуголля ці прыбірання ваннай, а астатнюю працу размяркуем паміж усімі пароўну? Пяць гадзін на дзень? Чатыры? Тры? Дзве? Ніхто не ведае, бо ніхто нават не задаецца падобнымі пытаннямі. Анархісты лічаць, што гэта менавіта тыя пытанні, якія мы мусім задаваць.
Ці сапраўды вы верыце ў тое, што кажаце сваім дзецям (ці ў тое, што казалі вам вашы бацькі)?
«Няважна, хто пачаў». «Дзве хлусні не стануць праўдай». «Прыбірай за сабой». «Абыходзься з іншымі…» «Не будзь злым да людзей толькі таму, што яны іншыя». Пэўна, нам варта вырашыць, ці хлусім мы сваім дзецям, калі расказваем ім пра дабро і зло, ці ж мы гатовыя ўспрымаць сур’ёзна нашыя ўласныя наказы. Бо калі давесці гэтыя маральныя прынцыпы да лагічнага канца, то вы прыйдзеце да анархізму.
Возьмем прынцып "дзве хлусні не стануць праўдай". Калі б вы сапраўды ўспрымалі яго сур’ёзна, адзін гэты прынцып перакрэсліў бы ўсе падставы для вайны і сістэмы крымінальнага правасуддзя. Тое ж самае тычыцца і ўзаемадапамогі: мы ўвесь час кажам дзецям, што яны мусяць навучыцца дзяліцца, быць уважлівымі да патрэб адно аднаго, дапамагаць, а потым адпраўляемся ў рэальны свет, дзе мяркуем, што ўсе па прыродзе эгаістычныя і канкурыруюць адно з адным. Але анархіст сказаў бы, што мы кажам сваім дзецям праўду. Практычна ўсе вялікія дасягненні ў гісторыі чалавецтва, усе адкрыцці і здзяйсненні, што палепшылі наша жыццё, былі заснаваны на супрацы і ўзаемадапамозе; нават цяпер большасць з нас марнуе больш грошай на сяброў і сям’ю, чым на сябе; хоць, хутчэй за ўсё, у свеце заўсёды будуць канкуруючыя людзі, няма ніякіх прычын, па якіх грамадства павінна быць заснавана на заахвочванні такіх паводзін, не кажучы ўжо пра тое, каб змушаць людзей канкураваць за прадметы першай неабходнасці. Гэта служыць толькі інтарэсам людзей ва ўладзе, якія хочуць, каб мы жылі ў страху адно перад адным. Менавіта таму анархісты заклікаюць да стварэння грамадства, заснаванага не толькі на вольных аб’яднаннях, але і на ўзаемадапамозе. Большасць дзяцей вырастаюць з верай у анархісцкую мараль, а потым ім паступова даводзіцца ўсведамляць, што свет дарослых насамрэч так не працуе. Вось чаму шмат хто з іх робіцца бунтаром, адрынутым, нават схільным да суіцыду ў падлеткавым узросце і, нарэшце, прыгнечаным і азлобленым ў дарослым жыцці; іх адзіным суцяшэннем часта з’яўляецца выхаванне ўласных дзяцей і прытворства перад імі, што свет справядлівы. Але што, калі б мы сапраўды пачалі будаваць свет, заснаваны хаця б на прынцыпах справядлівасці? Хіба гэта не самы лепшы падарунак дзецям, які толькі можна зрабіць?
Ці лічыце вы, што людзі па прыродзе распусныя і злыя, ці што некаторыя групы людзей (жанчыны, людзі з іншым колерам скуры, простыя людзі, не багатыя і не высокаадукаваныя) - гэта непаўнавартасныя істоты, якім наканавана тое, каб імі кіравалі лепшыя?
Калі вы адказалі «так», то, напэўна, вы ўсё-такі не анархіст. Але калі вы адказалі «не», то, хутчэй за ўсё, вы ўжо прытрымліваецеся 90% анархісцкіх прынцыпаў і, хутчэй за ўсё, жывеце ў адпаведнасці з імі. Штораз, калі вы ставіцеся да іншага чалавека з увагай і павагай, вы паводзіце сябе як анархіст. Штораз, калі вы вырашаеце свае рознагалоссі з іншымі, прыходзячы да разумнага кампрамісу, прыслухоўваючыся да думкі кожнага, а не дазваляючы аднаму чалавеку вырашаць за ўсіх іншых, вы паводзіце сябе як анархіст. Штораз, калі ў вас ёсць магчымасць прымусіць кагосьці нешта зрабіць, але замест гэтага вы вырашаеце заклікаць да яго пачуцця розуму ці справядлівасці, вы паводзіце сябе як анархіст. Тое ж самае тычыцца кожнага разу, калі вы дзеліцеся чымсьці з сябрам, ці вырашаеце, хто будзе мыць посуд, ці наогул робіце штосьці з аглядкай на справядлівасць.
Вы можаце запярэчыць, што ўсё гэта выдатна падыходзіць для невялікіх груп людзей, але кіраванне горадам ці краінай - гэта зусім іншая справа. І, вядома, у гэтым ёсць доля праўды. Нават калі вы дэцэнтралізуеце грамадства і перадасце як мага больш ўлады ў рукі невялікіх супольнасцяў, усё адно застанецца мноства рэчаў, якія патрэбна каардынаваць, - ад кіравання чыгункамі да вызначэння кірункаў медыцынскіх даследаванняў. Але калі нешта складанае, гэта не значыць, што няма спосабу зрабіць гэта дэмакратычным чынам. Проста гэта будзе складана. Насамрэч у анархістаў ёсць мноства розных ідэй і ўяўленняў пра тое, як складанае грамадства можа кіраваць сабой. Аднак іх тлумачэнне выйдзе далёка за рамкі невялікага ўступнага тэксту, як гэты. Дастаткова сказаць, што шматлікія людзі выдаткавалі шмат часу на стварэнне мадэляў таго, як магло б працаваць сапраўды дэмакратычнае, здаровае грамадства; але што не меней важна, ніводны анархіст не прэтэндуе на тое, што ў яго ёсць ідэальны праект. Апошняе, чаго мы хочам, - гэта навязаць грамадству гатовыя мадэлі. Насамрэч мы, напэўна, не можам уявіць і паловы праблем, якія паўстануць пры спробе стварыць дэмакратычнае грамадства; але мы ўпэўненыя, што, дзякуючы чалавечай вынаходлівасці, гэтыя праблемы заўсёды можна вырашыць, кіруючыся нашымі асноўнымі прынцыпамі - якія, у рэшце рэшт, з’яўляюцца проста прынцыпамі фундаментальнай чалавечай годнасці.