Donate
многая лéта #1

Дыя Тыман. Астэрызмы

многая лета19/05/25 15:01160

Лёзы

Вікці

Le paradis où l’angoisse est désir

Поццы

Значыць, мяцеж: вусны — гатунак зброі.
(Мох, бавоўна, мёрзлы пясок). Чалавечае
цела біткое: з фарфору; плаўкае: з волава
цела; дваістае: анагліфічнае,
шэрае з сінім (пашкоджанасць колбачак) —
цела належыць таму, хто пабачыць абодва;
звонкае цела: бразгат падводнага неба;
цела на памяць: паціна поту, рыхлае
дыханне; кататанічнае цела.

Час абялення (значыць, адданасці гору:
высілкі ўгору). Дэфенестрацыя люстраў,
кроенне слоўнікаў, перарысоўка межаў:
сутаргі волі, перакрыжоўванні звязак.
(Торф, яечны бялок, сургуч). Ні холад, ні
гарачыня (значыць, ірвота: Дзівосная
Міласць). Безабароннасць зярняці:
права на першую песню. Ніводнага гуку.
Накіп на ўлонні — марай пра згорклы пластык;
змена рэгістру. Роўнабаковы трохкутнік.
Вытхнулы ладан! Муміі міраносіц!
Анальгетычным раем бяздзюбых спрутаў.

(Сонца! Пазбаў спакусы
поўнага паразумення).


Шрамы

Ешу

Under silvret
den svarta bilden sönderkysst

Экелёф

Начныя зарокі зрабіліся колкай лёду:
свежыя раны, кароста; сігналы юродства.
На кожнай рэчы бачу пячатку гвалту.

Вочы, знутры
татуяваныя:
літар бясконца малых —
цалункаў — бясконца малых
крыжы. Вадападаў
засмужанасць: вільгаць.

Рыпанне, свіст
за плеўкай плеўры:
развасабляецца боль.
Не разам стоячы —
не тоячы: дух
высакародны — шчылінай
(адсутнасць ветру:
штыль, мужчынскі род).

Да твару твар —
à perdre haleine;
вуснаў руплівасцю
(млоснасцю):
так раскладаюцца промні
святла, выпадкова
заспетага (значыць,
убачанага).

Esse est percipi: мяса,
каўчук; мозг,
успораты мовай
(ерассю недатыкальнасці).
Волкія сцёгны
раўнуючы: сонца.
Стрыжыным разрэзам —
прабел — свіціцца,
чэзне нарэшце:
так разбухае маўчанне:
пульхны дыяметр
жарсці, няіснай
павек — здрада
самкнутых: ахвяр
бязгучным разломам:
чырвані вёснаў; вуснаў.

Кругам (значыць,
акружнасцю) —
голас датклівы
(памяць пра голас —
вечная; значыць,
прыпамінаннем):
так завяршаецца дотык:
вадкае срэбра,
водар валосся!
Шчыльнасць паветра.
Там наўздагон,
пад месяцам:
апазнавальным —
бель, вераломная
бель арыфламы
заплямленай.

Астэрызмы

Цімоху

И в таинствах земных религий
Миражем кровяных паров
Маячат вихревые сдвиги
Твоих кочующих миров

Зянкевіч

Час, калі людзі адно аднаму выколваюць вочы.

Згубіўшы зрэнку, раёк распушчаецца ў небе.

Кранутыя вугалем вусны пяюць слепату, палохаючы каханкаў.


Віхурыцца антыпаветра: здараецца час і прастора.

Ажыццяўляецца рух: неабсяжныя крыгі глейкага пылу, глыбы бязважкай сажы мяжуюць палі Нябыту.

З Нішто нараджаецца Нешта: хваля за хваляй, знямогшы ад юру, множыцца рух: планеты злятаюць з арбіт; падаюць зоркі, збіваючы клюшнямі чэрап іржавай цвердзі.

Цягліцы сузор’яў сціскаюцца ў прыступе жарсці; сцёгны сіфілітычных камет згараюць у выблісках болю.

Падаюць зоркі, шыю згінаюць цалункам.


Анёлы з вачыма аслінымі выпростваюць рукі, бяруць у двукоссі нябёсы.

Прыгожая, як самагубства, безуважная, як саранча, Матэрыя вырастае; пад купалам ейных зжаўцелых павек цьмеюць, згушчаюцца Прошласць і Прышласць.

Плынь бацылярнай чарнілы поўніцца смеццем: целы забітых жывёл, забытых герояў з праклёнам на вуснах, бязвінных царыц — артэфакты шыпучай феміннасці; подых адвечнага Ветру захоўвае іхнюю форму і боскую сутнасць.

(О дзявочыя косы! Што зрабілі б вы супраць жалезнага ляску?)

Першым законам Сусвету абвешчаны гвалт: крыгі няўмольна заходзяць адна на адну, здзіраючы ў кроў сухажыллі ртутнага мора.

Колы Сатурна пышацца вераломствам, квітнеюць цэзурай пагарджаных птушак.

Гора таму, хто аднойчы пабачыў неба!


Віхурыцца антыпаветра: Нішто набіраецца сілы.

У скрыгаце гулкай тугі раджаецца новая форма: мінуючы вадкасць, жалеза робіцца парай.

У жарале ўсюдыіснага смутку раджаецца новая мова: аскомістая, бы стогн; бессаромная, бы сурокі; няправільная, бы птушыныя гнёзды; няўчасная, бы прызнанне ў каханні; яе алфавіт непадуладны ні чалавеку, ні зорным вошам.

Малітвы ўзлятаюць, успыхваюць у вышыні — заспетыя вірам, нямеюць і сохнуць, бы фінікі.

Прастора трашчыць па швах; з сярэдзіны Млечнага Шляху праменіць счарнелае Сонца; яго расцятае горла бруіцца Святлом з часоў першабытных.

Месяц, наліўшыся спермай, складаецца ў дзве столкі.

Нябелены кужаль Касіяпеі набрыньвае дзёгцем і потам.

Прастора ніякавее: аргазм і вусціш.



michal
οὐδαμῶς
Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About