Donate
многая лéта #1

Канстандынас Кавафіс. Прыгожы й жорсткі элінізм

многая лета12/08/25 09:2896


пераклад з грэцкай Пілі

Візантыйскі вяльможа, выгнанец, вершапіша

Легкадумныя хай клічуць легкадумным.
У паважных справах быў заўсёды
найруплівейшы. І я буду настойваць:
ніхто не ведае дакладней за мяне
Айцоў, Пісанні, каноны Сінодаў усе.
Пра кожнае сваё сумненне Ватаніят,
пра кожную царкоўную праблему
са мною раіўся, са мной найперш.
Але я, выгнаны тут (каб цябе чорт узяў,
падступная Ірына Дукэна), нуджуся
страшна, зусім не недарэчна, што я баўлюся
пішучы  шасці- і васьмістопнікі,
баўлюся міфамі пра Гермеса,
і Апалона, і Дыёніса або
герояў Тэсаліі і Пелапанэса
і складаю найдасканалейшыя ямбы,
дазвольце сказаць, такія, што вучоныя
Канстантынопаля не ведаюць, як складаць.
За гэтую дасканаласць, можа, вынеслі прысуд.


Неронаў тэрмін

Не занепакоіўся Нерон, калі пачуў
дэльфійскага аракула прароцтва:
"Няхай баіцца сямідзесяці трох год".
Ён яшчэ паспее навесяліцца.
Яму трыццаць. Больш чым
дастатковы тэрмін бог яму прызначыў
падбаць пра будучыя небяспекі.
Цяпер, стомлены крыху, вяртаецца ў Рым,
але як выкшталцона стомлены ён гэтым падарожжам,
якое поўнілася днямі хараства —
у тэатрах, у садах, у гімнасіях…
Вечары ў гарадах Ахеі…
Звыш усяго асалода аголеных целаў…
Так маецца Нерон. А ў Іспаніі Гальба
таемна збірае і рыхтуе сваё войска,
стары сямідзесяці трох год.


Небяспечнае

Сказаў Міртыас (Сірыйскі шкаляр
у Александрыі за цараваннем
аўгуста Канстанта і аўгуста Канстанцыя,
часткова паганец, часткова ахрышчаны):
"Умацаваны роздумам і навукай,
я не спужаюся сваіх жаданняў, як баязлівец нейкі,
аддам сваё цела асалодам,
казачным задавальненням,
больш смелым эрытачным пажаданням,
юрлівым парывам маёй крыві, і
без аніякага страху, бо як захачу –
а я захачу — умацаваны
буду роздумам і навукай
і ў крытычны момант адшукаю
свой аскетычны, як і раней, дух".


Сын габрэяў (50 г н. э.)

Мастак і паэт, бягун і дыскабол,
прыгожы як Эндыміон, Іанфіс сын Антонія.
З сям’і, прыхільнае да сінагогі.
"Мае найсвяцейшыя дні тыя,
калі я адступаюся ад эстэтычных пошукаў,
калі я адкідаю прыгожы й жорсткі элінізм
з ягонай уладнаю адданасцю
дасканала зробленым і тленна белым членам.
І станаўлюся тым, кім хачу
застацца назаўсёды: габрэяў, святых габрэяў сынам".
Найбольш палкая яго заява: "Назаўсёды
застацца габрэяў, святых габрэяў –"
Але ж такім зусім ён не застаўся.
Геданізм і Мастацтва Александрыі
пакінулі яго сваім верным дзіцём.

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About