Donate

Катэрына Гогу. Мае сябры гэта чорныя птушкі

многая лета11/01/26 13:3119


пераклад з грэцкай М. Дунай-Гверц

3

Мае сябры гэта чорныя птушкі
яны гушкаюцца на тэрасах аварыйных дамоў
Эксархія Патысія Мэтаксургіа Мэц.
Яны робяць што трапіцца
Прадажнікі кулінарных кніг ды энцыклапедый
рамантуюць дарогі і злучаюць пралысіны
талмачы ў кабарэ на Зянона
прафесійныя рэвалюцыянеры
раней іх прыціскалі і прыніжалі
цяпер яны закідваюцца пігулкамі і алкаголем каб заснуць
але бачаць сны і не спяць.
Мае сяброўкі гэта нацягнутыя драты
на тэрасах старых дамоў
Эксархія Вікторыя Кукакі Гкізі.
Вы навешалі на іх тысячы металічных
прышчэпак
вашыя правіны рашэнні паседжанняў пазычаныя сукенкі
сляды ад недапалкаў дзіўныя мігрэні
пагрозлівыя маўчанні вагінальныя інфекцыі
яны закохваюцца ў гомасэксуалаў
трыхаманады затрымка
тэлефон тэлефон тэлефон
разбітыя акуляры хуткая і нікога.
Яны робяць што трапіцца.
Заўжды падарожнічаюць мае сябры
бо вы не пакінулі ім ані пядзі зямлі.
Усе мае сябры малююць чорнай фарбай
бо вы знішчылі чырвонае ім на зло
яны пішуць зашыфраванай мовай
бо вашая прыдатная адно каб падлізваць.
Мае сябры гэта чорныя птушкі і драты
на руках вашых. На вашым карку.
Мае сябры.


9

ТРОІ 35а

Мой дом як і твой
частка іншых дамоў
так вузкія вуліцы
так шмат людзей.
Часам мы жывём настолькі шчыльна
мне думаецца нібы мы разам ляжым у адным ложку
чысцім зубы адной шчоткай
і ямо адну ежу.
Адзінае што сыходзячы
вы пакідаеце па сабе брудныя талеркі
іначай не патлумачыць
чаму заўжды завалена ракавіна.
Але гэта няважна.
І я раблю ўсё магчымае
каб паказаць што люблю вас.
Таму і чапляю накладныя вусы
выходжу з веерам у непагадзь.
Каб насмяшыць вашых дзяцей.
Пра адно тольку прашу не нагаворвайце на нас.
І пакіньце маю Мірто ў спакоі.
Такой ужо ўрадзілася.
Маркотнай.


16

КАЛЫХАНКА

Цяпер ужо ціха…
Мора засталося далёка
і крумкачы не дзяўбуць
печань сапсутую віскі.
Мы можам спакойна паспаць.
Партыя раскалолася на тысячы
і Бэрлінгуэр
звязаў шыдэлкам коўдру
каб мы ўхуталі нашыя класавыя трывогі.
Усё сціхла. З пэўнай стрыманасцю мы пазбегнем яе.
Клас што мусіў прынесці перамены заснуў.
Можам і мы пагуляцца ў правадыроў.
Засынай… цяпер ужо ціха. Гэта наш час.
Баю-бай ежа і сэкс.
Хуліганы моляцца на нашай падушцы
і забойцы працуюць на нас.


17

4 пункты гарызонту.
Зверху. Знізу. Справа. Злева.
Зверху, неба і рэчы, у якія мы цэлім.
— Ноччу яны прыходзяць у нашыя сны
і паказваюць нам язык.
Знізу, зямля і рэчы цэляць у нас.
— яны звягаюць рыдлёўкамі яшчэ да таго як мы памерлі.
Справа, турыстычныя выспы банкі і рок
— нам прапаноўваюць электрашок з рук Ракель
Уэлш.
Злева прывід Расеі запускае
Міг-25,
наступае нам на пяты з вялікай пячаткай
— і мы збіраем апошнія крыхі свайго супраціву
партыйным рашэнням на судах у Маскве.

………………………………………………………….

У мясцовай крамцы
я спрабую перавесці дух
але нават тут трэба плаціць
за цярплівасць прадаўца
былы міліцыянт прадае «Народную барацьбу».
Не ведаю што мне купіць каб не стаць саўдзельнікам.
Разумееш?


4 пункты гарызонту
замаскіраваныя банкі пілоты медсёстры марксісты
пераследуюць нас. Трэба патэлефанаваць.
На які нумар…
Дзе схавацца каб толькі перавесці дух.
Нас абступілі з усіх бакоў.
Міліцыянт трапіў у пастку свайго пісталета
жанчыны — свайго полу
справядлівасць — законаў
партыі — фракцый
лекары — электрашоку.
Вядома, хадзем на кіно ў Іліён вечарам.
Героі там маюць чырвоныя шчокі
і заўжды перамагаюць у канцы.


21

25 МАЯ

Аднаго ранку я адчыню дзверы
і выйду на вуліцу
як і ўчора.
І не думацьму
ні пра бацьку
ані пра мора — тых, што пакінулі мяне —
ні пра горад. Горад, які гніе.
Ні пра сяброў, што зніклі.
Аднаго ранку я адчыню дзверы
наўпрост у полымя
і выйду як і ўчора
з крыкам «фашысты!»
будуючы барыкады і кідаючы камяні
трымаючы высока
зіхоткі чырвоны сцяг.
Я адчыню дзверы
і — не тое каб я баюся —
але мушу табе сказаць: я не дала рады
і табе трэба навучыцца
не выходзіць на вуліцу
без зброі, як я
— бо я не дала рады —
бо тады ты знікнеш як і я
«такім чынам» «няпэўнасць»
расплешчаная на кропелькі
мора, дзіцячыя гады
і чырвоныя сцягі.
Аднаго ранку
я адчыню дзверы
і знікну
ў мроі пра рэвалюцыю
ў бязмежнай самоце
палаючых вуліц
у бязмежнай самоце
папяровых барыкад
з пазнакаю — не вер ім! —
Правакатар.

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About