Donate
Prose

Лешэк Калакоўскі. Як мы шукалі Лайлонію

многая лета30/12/25 15:45123

пераклад з польскай


Шмат часу змарнавалі мы з братам, спрабуючы дайсці, у якой старане ляжыць краіна Лайлонія. Перш-наперш мы запыталі ўсіх сваіх знаёмых: ці не ведаюць яны, дзе знаходзіцца Лайлонія? 

Ніхто з нашых знаёмых не ведаў. Тады мы пачалі вязацца да мінакоў на вуліцах і задаваць ім тое ж пытанне. Але ўсе адно пацепвалі плячыма і казалі, што не, не ведаюць. Тады мы пачалі дасылаць лісты ўсялякім абазнаным людзям, што пішуць кніжкі — то пэўна ж маюць ведаць, дзе якая краіна. Адказвалі нам з вялікай павагай і вельмі шкадавалі, што нічым дапамагчы не могуць, бо, шчыра кажучы, і ўяўлення не маюць, дзе знаходзіцца Лайлонія. Процьму часу заняла нам тая праца, але мы пастанавілі не здавацца. Распачалі мы купляць усе глобусы і мапы, якія толькі патрапілі знайсці: старыя і новыя, прыгожыя і непрыгожыя, маштабаў буйных і дробных. Дзень пры дні сядзелі мы над тымі мапамі, вышукаючы Лайлонію, а як не знаходзілі, то ішлі ў горад па новыя. Нарэшце гэтулькі назбіралася ў нашай кватэры розных атласаў, глобусаў і мап, што не стала дзе й павярнуцца. Кватэра ў нас была ёмкая, але маленечкая, і ўжо папросту не змяшчала ўсіх выданняў і глобусаў. Каб вызваліць месца для новых мап, мы пачалі выносіць мэблю: гэтак нам далегла вызначыць, дзе ж усё-ткі знаходзіцца Лайлонія. Урэшце ў кватэры толькі і засталося што мап ды глобусаў, між якіх ледзь уплішчваліся мы з братам; пілі мы тады і розныя пігулкі, каб пахудзець і займаць крыху менш месца — абы паболей было на мапы. Змарнелі мы страшна, і елі штораз ўсё меней ды меней, бо, апроч таго, што трэба было вызваляць месца для мап, у нас ужо папросту не было на што купіць ежы: усе нашыя грошы ішлі на геаграфічныя даведнікі, глобусы і мапы. Напраўду, цяжкая гэта была праца, і заняла ў нас шмат гадоў. Нічога іншага мы не рабілі, адно шукалі Лайлонію. 

Мінула колькі гадоў, ужо мы абодва згрыбелі й ссівелі блізу ўшчэнт, як шчаслівы выпадак   вырашыў нібыта нарэшце аддзячыць за нашыя высілкі. На адной з шмат тысячаў мап мы адшукалі назву: ЛАЙЛОНІЯ. Як пайшлі мы ў танцы, як усчалі скакаць ды галёкаць, ажно выляцелі пасля на вуліцу ды з’елі ў бліжэйшай кавярні па печыве з гарбатай. Доўга абмяркоўвалі мы свой поспех, і дужа задаволеныя вярнуліся дадому, каб удакладніць нашае адкрыццё. І тут зноў нас напаткала страшэннае няшчасце. Відаць па ўсім, пакуль мы танчылі й скакалі, мы гэтак параскідалі нашыя кніжкі і паперы, гэтак яны папамяшаліся, што, нягледзячы на шматлікія высілкі, мапы, на якой была пазначана Лайлонія, мы знайсці ўжо не маглі. Днямі й тыднямі мы абшуквалі ўсю кватэру, ператрасалі кожную паперчыну — дарма. Мапа як скрозь зямлю правалілася. Магу вас запэўніць, што мы нічога не абмінулі, і пошукі праводзілі з усёй магчымай пільнасцю. І ўсё адно, другі раз адшукаць нашае мапы нам ужо не ўдалося. 

Выдавала на тое, што мэты нам было не дайсці, мы стаміліся і ўпалі ў роспач. Брат стаў сівы як голуб, а я і злысеў амаль дазвання. Не маючы ніякіх сіл на далейшыя пошукі, мы адно дакаралі лёс за яго ашуканства. І хоць якой надзеі адшукаць Лайлонію ў нас ужо амаль не засталося, як на паратунак прыспела новае здарэнне.  

Неяк ранкам ля дзвярэй нашай кватэры з’явіўся паштар і падаў нам невялічкую пасылку. Мы прынялі пакунак і, ледзь толькі паштар пайшоў, адразу ўтаропіліся ў каперту, шукаючы адпраўніка. Уявіце нашае здзіўленне, калі на паштовым штэмпелі мы выразна прачыталі: ЛАЙЛОНІЯ. Ажно нам мову заняло. З хвіліну стаялі мы аслупянеўшы, як раптам мой брат, чалавек дужа кемлівы, усклікнуў: «Давай па паштара, хутка! Калі прынёс пасылку, то мае ведаць, дзе Лайлонія!» Штодуху пабеглі мы за паштаром і схапілі яго яшчэ на сходах. Бедачына пэўна падумаў, што тут яго зараз і наб’юць, гэтак мы на яго наляцелі. Але мы яму ўсё  хутка патлумачылі. 

— На жаль, панове, — сказаў паштар, — дзе знаходзіцца Лайлонія я не ведаю. Я толькі разношу пасылкі, дык і знаюся на пары вуліц, а больш то не. Толькі калі начальнік пошты, можа ён і ведае. 

— Дакладна! — усклікнуў мой брат. — Хадзем да начальніка пошты!

Да начальніка пошты мы трапілі без аніякіх цяжкасцей. Прыняў ён нас вельмі міла і прыязна, але на нашае пытанне адно бездапаможна раскінуў рукі. 

— Даруйце, панове, абсалютна без паняцця, дзе знаходзіцца Лайлонія. Я ведаю толькі план свайго раёну. Але я вам вось што скажу. Схадзіце да Яшчэ Большага Начальніка пошты, ён адказвае за замежныя перасылкі, ён мае ведаць.  

Тады мы пайшлі да Яшчэ Большага Начальніка. Тут у нас ужо ўсё так спрытна не атрымалася, бо Яшчэ Большы Начальнік меў вельмі многа працы, быў дужа заняты і не змог нас прыняць. Доўга прыйшлося нам хадайнічаць, забягаць і прасіць, тэлефанаваць, хадзіць па розныя пропускі і падаваць заявы. Усё гэта цягнулася шмат тыдняў, але мы нарэшце дабіліся свайго. Яшчэ Большы Начальнік згадзіўся нас прыняць. Сустрэчу ён прызначыў, а пятай раніцы, бо быў вельмі заняты. Баючыся праспаць (а будзіка ў нас не было — яго мы таксама прадалі, каб купіць мапы), мы з братам не спалі цэлую ноч і пайшлі ў адміністрацыю вельмі стомленыя ды нявыспаныя. Але нягледзячы на гэта, нашыя сэрцы поўніліся радасцю і надзеяй, бо цяпер мы ўжо напэўна ведалі, што хутка нашыя пакуты скончацца.  

Яшчэ Большы Начальнік таксама быў вельмі мілы і прыязны, пачаставаў нас гарбатай і пернікам, а пытанне выслухаў цярпліва. Потым паківаў галавой.

— Ах, панове мае, — сказаў ён. Я вас вельмі добра разумею, але, бачыце, у мяне столькі спраў, што я папросту не магу ўсё памятаць. На свеце столькі краін, усіх і не запомніш. Я, на жаль, не знаю, дзе знаходзіцца Лайлонія.

Я ўжо зноў было ўпаў у роспач, як раптам мой брат, чалавек напраўду разумны, усклікнуў: 

— Пане Яшчэ Большы Начальніку, але ж тады мае знаць хтось з падначаленых пана, у іх мусіць справаў паменей, бо кожны адказны толькі за пэўныя краіны. 

— І праўда, — сказаў Яшчэ Большы Начальнік. — Зараз набяру сваіх чатырох намеснікаў, запытаемся, у чыім ведамстве ваша  Лайлонія. 

Потым ён зняў слухаўку і сказаў: «Злучыце мяне, калі ласка, з кіраўніком у справах Поўдня». Калі яго злучылі, ён запытаў: “Пане кіраўніку, падкажыце, ці ёсць на Поўдні дзяржава Лайлонія?” 

“Не, катэгарычна, — адказаў кіраўнік. — Гэта напэўна недзе ў іншым месцы”.

Праз хвіліну тое ж самае нам сказаў кіраўнік у справах Поўначы, а за ім і кіраўнік у справах Усходу. У той момант мы былі пэўныя, што ўжо кіраўнік у справах Захаду дакладна ведае нешта пра Лайлонію, бо недзе ж яна мусіць быць. Але на пытанне Яшчэ Большага Начальніка кіраўнік па справах Захаду адказаў: “Не, Лайлоніі на Захадзе няма, катэгарычна. Гэта напэўна недзе ў іншым месцы.” 

Яшчэ Большы Начальнік раскінуў рукі. “На жаль. Бачыце, панове, ніводны з маіх кіраўнікоў нічога пра Лайлонію не ведае”.

“Але мы вось толькі атрымалі адтуль пасылку, — сказаў я (бо я, хоць і не такі разумны, як брат, але ўсё ж крышачку разумны). — То мусіў жа хтосьці яе прывезці, значыць хтосьці мусіць ведаць, дзе знаходзіцца Лайлонія”.

“Вельмі верагодна, — адказаў Яшчэ Большы Начальнік, — вельмі верагодна, што хтосьці сапраўды ведае. Але я таго кагосьці не знаю.”

Надта мы тады засмуціліся, але брат паспрабаваў ухапіцца за яшчэ адну магчымасць. 

— Пане Яшчэ Большы Начальніку, — сказаў ён, — а можа ёсць яшчэ Самы Найбольшы Начальнік, той, які ўсё ведае?

— Самы Найбольшы Начальнік, — сказаў Яшчэ Большы Начальнік, — то можа і ведае, дзе знаходзіцца Лайлонія, але ён, на жаль, з’ехаў.

— А калі ён вернецца, Самы Найбольшы Начальнік?

— Самы Найбольшы Начальнік ужо ніколі не вернецца, — панура адказаў Яшчэ Больш Начальнік. — Ён з’ехаў назаўжды. 

— І што, няўжо тады зусім ніяк не парадзіць? — роспачна запыталіся мы. — Няўжо ніхто, абсалютна ніхто, не ведае, дзе ляжыць Лайлонія?

— Нічым, панства, вам дапамагчы не магу, — сказаў Яшчэ Большы Начальнік і падаў знак, што аўдыенцыя скончана. 

Мы выйшлі ўсе заплаканыя і не мелі нават чым павыціраць насы, бо ўсе насоўкі, якія былі ў хаце, мы ўжо даўно павыкідалі, каб вызваліць месца для глобусаў і мап. 

Аціраючы слёзы рукавамі, мы пакрочылі дадому і ўжо амаль дайшлі да дзвярэй, як раптам мой брат спыніўся. 

— Чуеш, Яшчэ Большы Начальнік жа патэлефанаваў чатыром кіраўнікам, так? А можа ў яго іх пяць і ён проста на аднаго забыўся?

— Ён званіў галоўным над Поўднем, Поўначчу, Усходам і Захадам, — адказаў я. — Ці ты думаеш, што ёсць яшчэ нейкія бакі свету?

— Не ведаю, — адказаў брат. — Не ведаю, не выключана, што ёсць пяць бакоў свету ці больш. 

Трэба было вяртацца да Яшчэ Большага Начальніка і яшчэ раз усё удакладніць.

У нашых сэрцах ізноў засвяцілася слабенькая надзея. Мы хутка пабеглі назад у адміністрацыю, але высветлілася, што Яшчэ Большы Начальнік заняты і не можа нас прыняць. Што зробіш, прыйшлося нам нанова дабівацца аўдыенцыі. Цягнулася гэта вельмі доўга: зноў заявы, званкі, пропускі, хадайніцтвы. Але гэтым разам нічога ў нас не атрымалася. Яшчэ Большы Начальнік паведаміў, што мае вельмі многа працы, што ужо аднойчы нас прыняў і зрабіў, што змог, а больш не можа. 

Цяпер ужо сапраўды ніякага выйсця не было. Усе дарогі былі закрытыя, усе сродкі выпрабаваныя. Мы нават не захацелі нічога больш шукаць у мапах, адно сядзелі дома і ціхенька плакалі. 

Цяпер мы ўжо вельмі старыя. Мы ўжо, напэўна, ніколі не даведаемся, дзе ляжыць Лайлонія, і ніколі яе не пабачым. Але можа камусьці з вас пашчасціць, можа хтосьці патрапіць наведаць Лайлонію. Як будзеце ў той старане, паднясіце, калі ласка, ад нашага імені каралеве Лайлоніі кветку настурцыі і распавядзіце ёй, як моцна нам хацелася прыехаць і як у нас нічога не атрымалася. 

А, я зусім забыўся расказаць, што было ў той пасылцы. Канешне, мы яе адразу распакавалі. Пасылка змяшчала караценькі лісцік, у якім пэўны грамадзянін Лайлоніі па прозвішчы Ібі Уру паведамляў, што даведаўся, як мы цікавімся Лайлоніяй, і з гэтай нагоды дасылае нам зборнік кароткіх апавяданняў, старых і новых, найбольш вядомых у гэтай краіне. Зборнік быў далучаны да ліста. На жаль, наш карэспандэнт не пазначыў, дзе знаходзіцца Лайлонія, ці хаця б бліжэйшы адрас, таму адказаць мы яму не змаглі. У нас застаўся толькі гэты зборнік апавяданняў, які мы хочам паказаць усім, каб усе маглі даведацца хоць нештачка пра Лайлонію, краіну, якую нам не ўдалося знайсці на мапе. 



Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About