Donate
многая лéта #1

Ліна. разважанні пра эму

многая лета08/06/25 05:2261

Z 00, 1985

чаму лебедзь з заапарка
ўвасобіў смерці зебры, блізнюкоў,
доктара счарніў і санітарку,
раскалоў яшчэ фарфор
на карцінах у Вермеера?

для гармоніі ў чалавечым целе
падразаюцца пазногці і ногі:
не былі б гармоніяй дзве галавы,
і ці трэба падлічыць, колькі веяў?

віно са шклом выклікае нястраўнасць,
перыядычна — хуткую дапамогу,
але ці не хутчэйшыя слімакі —
прымітыўная і геніяльная
форма знішчэння плоці?

чалавечымі рукамі створаны тэатр
на памяць пра чалавека разумнага,
але ж іх апошнім вялікім жэстам
стане выхад кружэлкі са строю.
дык які перыяд разлажэння чалавека?


разважанні пра эму

узяць у рукі — у чые? — свае, вядома, іншыя мяне не трымалі трывала, толькі пахабна, сабраць рэшткі таго, чым кормяцца могілкавыя птушаняты вёснамі пад крыкі мегаполіса, і дазволіць эму лётаць — дарэчы, ці пісала я, што эму, як аказалася, водзяцца на Іль-дэ-Франс? — пад патокамі хімікатных дажджоў (я чытала пра іх у дзяцінстве ў энцыклапедыях, мяне ўвогуле не цікавіла тады нічога, акрамя флоры, фаўны і мастацтва), каб іх цела пачынала дзейнічаць, як у краіне па-за люстэркам: вочы стыкаваліся на арбіце з цэлай кісцю Адама, ногі ўспаміналі пра непрыстойнасць паказвання, рукі стаптваліся мазалямі вопыту, галава выбіралася пад капялюш, а вусны рукаблудзілі.

О, Мальер, табе б хапіла там сюжэтаў для адкрыцця яшчэ трох тэатраў!

а людзі, грэшныя, смяяліся б са сваіх святых, бо тыя на цуды такія выстройваюцца ў чэргі, а потым б’юцца, калі хто лезе ўперад Хрыстоса ў партэр!

эму сябе паводзяць прыстойней у разы. мусіць, яны таму і не лётаюць: зашмат пакутнікаў на неба не ўлезе.

le vent murmure l’entrée, а мармур тваёй скуры зіхаціць святлом поўні ў марозную ноч на поўначы.

каб жыццё падалося ідэальным, людзі раней курылі опіум, а цяпер ашчаджаюць на свежае паветра гадамі, а студэнцтва скардзіцца на складаную адукацыю і крочыць у выхадныя на лекцыі — у чужыя ўніверсітэты.

дык возьме хто ў рукі?

не, дружа, у справах рук ніхто не разбіраецца лепш за фокусніка. шыбуй-ка ты ў дзяржустанову!

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About