Ліна. разважанні пра эму
Z 00, 1985
чаму лебедзь з заапарка
ўвасобіў смерці зебры, блізнюкоў,
доктара счарніў і санітарку,
раскалоў яшчэ фарфор
на карцінах у Вермеера?
для гармоніі ў чалавечым целе
падразаюцца пазногці і ногі:
не былі б гармоніяй дзве галавы,
і ці трэба падлічыць, колькі веяў?
віно са шклом выклікае нястраўнасць,
перыядычна — хуткую дапамогу,
але ці не хутчэйшыя слімакі —
прымітыўная і геніяльная
форма знішчэння плоці?
чалавечымі рукамі створаны тэатр
на памяць пра чалавека разумнага,
але ж іх апошнім вялікім жэстам
стане выхад кружэлкі са строю.
дык які перыяд разлажэння чалавека?
разважанні пра эму
узяць у рукі — у чые? — свае, вядома, іншыя мяне не трымалі трывала, толькі пахабна, сабраць рэшткі таго, чым кормяцца могілкавыя птушаняты вёснамі пад крыкі мегаполіса, і дазволіць эму лётаць — дарэчы, ці пісала я, што эму, як аказалася, водзяцца на Іль-дэ-Франс? — пад патокамі хімікатных дажджоў (я чытала пра іх у дзяцінстве ў энцыклапедыях, мяне ўвогуле не цікавіла тады нічога, акрамя флоры, фаўны і мастацтва), каб іх цела пачынала дзейнічаць, як у краіне па-за люстэркам: вочы стыкаваліся на арбіце з цэлай кісцю Адама, ногі ўспаміналі пра непрыстойнасць паказвання, рукі стаптваліся мазалямі вопыту, галава выбіралася пад капялюш, а вусны рукаблудзілі.
О, Мальер, табе б хапіла там сюжэтаў для адкрыцця яшчэ трох тэатраў!
а людзі, грэшныя, смяяліся б са сваіх святых, бо тыя на цуды такія выстройваюцца ў чэргі, а потым б’юцца, калі хто лезе ўперад Хрыстоса ў партэр!
эму сябе паводзяць прыстойней у разы. мусіць, яны таму і не лётаюць: зашмат пакутнікаў на неба не ўлезе.
le vent murmure l’entrée, а мармур тваёй скуры зіхаціць святлом поўні ў марозную ноч на поўначы.
каб жыццё падалося ідэальным, людзі раней курылі опіум, а цяпер ашчаджаюць на свежае паветра гадамі, а студэнцтва скардзіцца на складаную адукацыю і крочыць у выхадныя на лекцыі — у чужыя ўніверсітэты.
дык возьме хто ў рукі?
не, дружа, у справах рук ніхто не разбіраецца лепш за фокусніка. шыбуй-ка ты ў дзяржустанову!