М. Дунай-Гверц. Чатыры фрагменты архітэктурнага прынцыпу
паўночныя газеты
з … па … гады
пішуць
толькі карункавымі імёнамі
і прозвішчамі сугучнымі форме
карнявішча
забываюцца на пунктуацыю
СЕНСАЦЫЯ
!!!!!!!!!!!!!!!!!!
наш Святы Аўгустын той самы Святы Аўгустын
што як птушка і мёд як тры разы перавязаны вузел
пасля складанай медыцынскай інвазіі
— яму перашылі трыбух і напхалі ватыўнымі ножкамі —
РАЗМОВА
НУМІДЫЙЦАМ
З
МАНІХЕЙЦАМ
<на дне царкоўнай скарбонкі>
МАНІХЕЙЦАМ
З
НУМІДЫЙЦАМ
РАЗМОВА
а на самыя вынаходлівыя пытанні…
сонца было ўжо ў той фазе сябе
калі цэгла пасмоктвала залаты пястук
і чорна-белыя папрашайкі
нагадвалі сытых капуцынаў
і пачуваліся больш нахрапіста
а на самыя вынаходлівыя пытанні ён
МЕНЯЛСЯ В ЛИЦЕ
як і кожны перабіраючы пальцамі шум
раскідваў фалангі па маленечкіх краінах Еўропы