Donate
Prose

Пахмелле ад першай устаўной граматы

Vadzim Barysevich28/10/21 12:42911
Иллюстрация — Gera More
Иллюстрация — Gera More

Алесь прачнуўся ў той момант, калі яго старэнькі «Пазнякфон» першай мадэлі літаральна разрываўся ад мелодыі будзільніка. «Як у нашым у сяле ўсе крыху навесяле», — стэрэадынамік не вытрымліваў гарэзлівага голасу Вольскага ў складзе Zet і проста выдаваў какафонію, якая нагадвала нойз — дастаткова супярэчлівы музычны стыль.

«Каб цябе халера ўзяла», — буркнуў Алесь кляцьбонікам, які часцяком чуў ад бабулі, калі тая на кагосьці абуралася, адключыў будзільнік і павярнуўся на другі бок. Прачынацца ўвогуле не хацелася. За вокнамі стаяў люты — халодны месяц з цёмнай раніцай ды авітамінозным станам. «Дарэчы, летась пяць гадоў, як я начапіў на сябе важную ролю выкладчыка гісторыі Беларусі. Гісторыі без цэнзуры, партыйных унёскаў ды «правільных» параграфаў», — падумаў настаўнік і засумаваў. Час змяніўся, зарплата дзеяча адукацыі — не.

Але прычына яго стомленасці і адсутнасці ўсялякага жадання падымацца з ложка была выклікана не колькасцю вітамінаў у арганізме. Учора Алесь разам з калегамі-сябрамі трапіў на адкрыццё новай (а галоўнае — нацыянальна накіраванай) карчмы «Bałachoviec». Гаспадары зрабілі шыкоўны камерцыйны крок: прэзентацыю падрыхтавалі ў гадавіну абвяшчэння Першай устаўной граматы БНР. Маладыя настаўнікі планавалі выпіць па куфлі новага стаўта «#БНР110» і разысціся. Але ж калі гісторыкі прытрымліваліся сваіх планаў, асабліва калі гаворка шла пра алкаголь?

Памяць Алеся пачала выхопліваць дробныя ўрыўкі. Вось ім абвяшчаюць, што кожны трэці куфаль піва — бясплатны. Вось іх частуюць шотам «Жыве вечна» за кошт установы. Вось ён са слязьмі ў вачах спявае дзецюкоўскую «Забытую магілу» — хіт яго школьна-студэнцкай маладосці. Далей — жахлівы туман, які прадвяшчаў толькі адно: пусты гаманец і чарговую размову з гаспадыняй кватэры наконт адтэрміноўкі аплаты. У такіх цяжкіх, як проза Пруста, думках Алесь працягваў ляжаць, пакуль «Пазнякфон» не падаў зноўку прыкметы жыцця.

На гэты раз нехта тэлефанаваў. Смартфон быў старэнькі і часцяком не выводзіў на экран суразмоўцу. Алесь яго купіў у 2021 годзе, праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў. Перамогу тады атрымаў Зміцер Лукашэвіч — 35-гадовы беспартыйны палітык з ліберальнымі поглядамі кансерватыўнага кшталту. Па яго ўказе ў Беларусі пачалі вырабляць нацыянальна-арыентаваныя смартфоны, якія назвалі ў гонар адного з самых знакамітых палітыкаў сучаснасці.

— Алесь Анатольевіч, добрай раніцы, — прамовіў суровы жаночы голас з таго боку слухаўкі. — Я спадзяюся, вы памятаеце, што ў вас сёння класная гадзіна. На ёй вы павінны расказаць навучэнцам, наколькі ім важна прыйсці на Плошчу Францыска Скарыны 25 Сакавіка. Я разумею, што вы прыхільнік лібертарыянскіх поглядаў, усе дзяржавы — канцлагеры і г.д. Але гэты год асаблівы для Беларусі. Упершыню юбілейная дата абвяшчэння Незалежнасці БНР пройдзе на дзяржаўным узроўні. Будзе Вольскі, Міхалок, нават Саладуха заспявае «Чужую-мілую» на беларускай мове. Нам усім трэба паказаць, што беларусы — адзіны народ, з пачуццём нацыянальнага гонару і самасвядомасці. Чым большая колькасць людзей на Плошчы, тым большая упэўненасць у заўтрашнім дні.

— Так, Сцепаніда Валер’еўна, я ўсё памятаю. Абяцаю вам яўку ў найлепшых традыцыях першамайскіх дэманстрацый, — адказаў Алесь са здеклівай інтанацыяй, а ў галаве круціўся лозунг нацыстаў «Ein Volk, ein Reich, ein Führer». Сцепаніда Валер’еўна — намесніца дырэктара па выхаваўчай працы — недалюблівала маладога настаўніка. Яна была з тых старых апазіцыянераў, што крыўдавалі на любы жарт і ў якіх цалкам адсутнічала самаіронія. У свой час яна займала пасаду старшыні БНФ і была вельмі адыёзная ў выказваннях. Калі гаворка ішла пра Хэлоўін ці ЛГБТ-супольнасць, бранявік Сцепаніды Валер’еўны было не спыніць і ўсе аргументы заўжды зводзіліся да прымітыўнага «Гэта ўсё ад Сатаны!». Адзінокая жанчына, без дзяцей і мужа — Алесь ні ў якім разе не быў сэксістам, але думаў, што прычына яе сухасці крыецца менавіта ў гэтым.

Пасля званка намесніка дырэктара Алесь зразумеў: зрабіць з сябе хворага не атрымаецца, не той выпадак. Калі гаворка ідзе пра дзяржаўнае свята, настаўнікі — адны з першых, хто арганізоўвае масоўку. Таму гісторык выпіў дзве таблеткі цытрамону, выпаліў цыгарэту і адправіўся ў школу — праводзіць агіт-хвілінку сярод сваіх апалітычных вучняў.

Дарога да школы займала 15 хвілін аўтобусам, аднак Алесь вырашыў прайсціся пешшу. Ехаць з пахмелля ў грамадскім транспарце — не найлепшы шлях: унутраны верталёт можа раскрыць свае лопасці ў страўніку, і тады ад ванітаў не ўратуе нават «Грай» у плэй-лісце кіроўцы.

Малады настаўнік вырашыў прайсці праз парк Касцюшкі — месца, з якім звязана шмат успамінаў. Менавіта тут разам са сваімі аднагрупнікамі ён адзначаў першую стыпендыю. Літаральна яшчэ дваццаць гадоў таму парк называўся Міхайлаўскім, а па нядзелях анархісты ў межах міжнароднай акцыі «Food not bombs» кармілі вегатарыянскай ежай кожнага ахвотнага.

Алесь па сёння не можа зразумець, як у краіне змагла памяняцца ўлада. Усім здавалася, што Беларусь — дзяржава аднаго чалавека з шматлікай колькасцю прыватнай прыслугі. Але калі ён быў на другім курсе, прэзідэнт абвесціў аб праблемах са здароўем і жаданні пайсці на «заслужаную» пенсію. Прыкладна такі сцэнар назіралі бацькі Алеся з Расіяй, калі Ельцын прамовіў сваю знакамітую фразу «Я устал, я ухожу». Але ў адрозненні ад дзяржавы-суседкі, Беларусь не была падрыхтаваная да такога сцэнара і не знайшла свайго тырана-чэкіста.

Упершыню з 1994 года ў краіне адбыліся сумленныя прэзідэнцкія выбары. Расхістаная апазіцыя нейкім цудам знайшла сілы адкінуць свае крыўды і абраць адзінага кандыдата. Алесь і сёння сумняецца, што за Змітром Лукашэвічам не стаяла нешта больш высокае, чым проста воля народа. Беларус — чалавек недаверлівы, ён не будзе галасаваць толькі за сто тысяч працоўных месцаў і змену сімволікі.

Магчыма, гэта толькі моладзевая параноя, ўласцівая пакаленню, якое пражыло дастатковую колькасць гадоў пры дыктатуры. Але як ні круці, Алесь недалюбліваў новую ўладу. Адны перагібы змяніліся іншымі, больш прывабнымі для той часткі электарату, у галовах якой нічога няма, апроч ідэй нацыяналізму. Так, скандальны артыкул «328» па сёння застаўся без зменаў, а пра дэкрыміналізацыю марыхуаны нават не ідзе гаворка. Фактычна са зменай улады адбыўся касметычны рамонт дзяржавы. У яе з’явіўся малады і прыгожы прэзідэнт, пачалася беларусізацыя, але ў астатнім краіна ўсё яшчэ жыве пяцігодкамі і барацьбой за ўраджай.

Менавіта палітычны рэжым краіны і адыграў ролю ў выбары прафесіі тады яшчэ падлетка. Бацькі ніяк не хацелі разумець Алеся: яны ўсё жыццё працавалі на дзяржаўных прадпрыемствах і бачылі выйсце толькі ў it-сектары. Зараз настаўнік разумее, што перспектыва «кодзіць» была не найгоршай у ягоным жыцці, тым болей што ў школе ён заўсёды ўдзельнічаў у гарадскіх алімпіядах па інфарматыцы. Але тады ён пачаў знаёміцца з найноўшай гісторыяй Беларусі, чытаць артыкулы Пазняка пра Курапаты ды глядзець фільмы Хашчавацкага. Апошняй лёсавызначальнай кропкай у жыцці Алеся стала дакументальная кінастужка «Беларускі рэзыстанс», у якім расказвалі пра антысавецкі супраціў. Менавіта пасля яго ён зразумеў, што гісторыя, у адрозненні ад дакладных навук, мае глыбейшы бэкграўнд і шматслойны фундамент. Нават калі яго трэба рыць дзіцячай рыдлёўкай, гэта мае куды большы сэнс, чым чарговы аплет для фітнэс-трэнераў.

У такіх думках настаўнік падыйшоў да ўжо роднай школы № 13. Сюды ён трапіў добраахвотна (размеркаванне адмянілі адразу пасля першых незалежных выбараў). Алесь заўжды горка жартаваў, што адмена абавязковага размеркавання — бадай адзіны пазітыўны крок, які адчуў просты беларус пасля змены ўлады. Усе гэтыя перайменаванні вуліц, рэферэндумы па змене сімволікі хвалявалі толькі невялічкі працэнт нацыянальна-арыентаванага электарату. Большасць хацела зменаў у фармаце «тут і зараз», але 26 гадоў стагнацыі — тэрмін, за які нават Японія пры «ўмелым» кіраўніку магла б адкаціцца да ўзроўню Украіны часоў Еўрамайдана.

— А вось і Алесь Анатольевіч, — прамовіла Сцепаніда Валер’еўна, калі хлопец зайшоў у настаўніцкую. — Ведаеце, я вырашыла далучыцца да вашай класнай гадзіны, паглядзець, як наша сучасная моладзь пракладвае сцяжынкі да новага абыякавага пакалення.

— Ну што вы, Сцепаніда Валер’еўна, якія сцяжынкі. Рэцэпт заўсёды быў простым: кажы шчырую праўду, і людзі за табою пацягнуцца, — прамовіў Алесь. Настрой быў сапсаваны: замест класнай гадзіны ён хацеў вучням паказаць той самы «Беларускі рэзыстанс». Зараз жа прыйдзецца разважаць пра ролю новай дэмакратычнай беларускай дзяржаўнасці.

— Нічога, нічога, вы рыхтуйцеся, а я ў кутку вельмі ціхенька пасяджу, — па-змоўніцку прамовіла намесніца дырэктара. «Ага, пасядзіш, канешне ж. Цітушка яшчэ тая», — падумаў Алесь, а сам адказаў перафармуляваным выразам супрацоўніка call-цэнтра:

— Так, канешне, ваша прысутнасць вельмі важная для мяне.

Класная гадзіна

Клас аніяк не мог супакоіцца. Алесеў 9 «Г» налічваў 25 пубертатных падлеткаў, якіх спыніць можна была толькі выразам «я вас адпускаю з урока, толькі ціха». У астатніх выпадках — гэта была выбуховая маса з рогату, крыкаў з месца і другасортных жартаў. Але нягледзячы на гэта, Алесь любіў свой клас і часцяком збіраўся з імі па-за школай: хадзіў у паходы. У дзецях ён бачыў тое, чаго не было ў яго пакалення: смеласць і рашучасць. Калі ім штосьці не падабалася, яны пра гэта адразу казалі, хоць і ў дастаткова рэзкай форме. Апошняе, хутчэй за ўсё, — спадчына рэпа — жанра, які ўжо больш за дзесяць гадоў застаецца №1 у сусветнай музыцы. Калі казаць каротка, Алесь любіў і паважаў сваіх вучняў за ўнутраны і вонкавы пратэст.

— Спадарства, зараз у нас будзе класная гадзіна. Да нас прыйдзе Сцепаніда Валер’еўна. Я вас папрашу толькі пра адно: сядзець моўчкі. Вы можаце задаваць мне любыя пытанні, галоўнае — не губляйце свой і мой аўтарытэт, — прамовіў Алесь і сам сабе не паверыў. Яго клас быў адным з найбольш праблемных у школе, ды і сам ён далёка не найлепшы прыклад настаўніка. Заўсёды ў джынсах, без планаў урокаў і з татуіроўкамі на руках (якія, дарэчы, даводзілася хаваць), яго не вельмі любіла кансерватыўнае кіраўніцтва школы. Калі ён прыйшоў уладкоўвацца на працу, за яго заступіўся дырэктар са словамі «А мужыкоў нам вельмі не хапала, асабліва маладых».

— Добры дзень, 9 «Г», — Сцепаніда Валер’еўна ўвайшла адразу пасля званка. Пунктуальнасць — адна з характэрных рыс настаўнікаў за 40. — Сядзіце, сядзіце, я вам замінаць не буду, — па-сяброўску прамовіла педагог. «Канешне, не будзеш, мне зараз 45 хвілін плявузгаць пра патрыятызм», — падумаў Алесь.

— Спадарства, як вы ведаеце, праз месяц краіна адзначыць круглую дату — 110 гадоў са дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, — пачаў Алесь з урачыстай інтанацыяй тэлевізійнага прапагандыста. Ад такіх слоў яго пачало падванітоўваць. «Не, трэба казаць як ёсць: іншага шанцу не будзе, звольняць — так звольняць», — падумаў настаўнік і накіраваў гаворку ў больш сумленнае рэчышча:

— Што такое БНР я вам распавядаў на занятках. Зараз я вырашыў зрабіць акцэнт на патрыятызме. Што гэта, наогул, такое, у вашым ўяўленні? — пытанне не знайшло адказу. Алесь вучням сказаў сядзець ціха, гэты загад яны пакуль выконвалі на «дзясятку». — У гэтым паняцці заўсёды прысутнічаў дысананс. Для любога разважлівага чалавека патрыятызм мае абстрактныя карані. Ён можа заключацца ў любові да бацькоў, сваёй працы, двухпакаёвай кватэры, за якую плацяць крэдыт усе твае родзічы, і проста да краіны, якую ты крытыкуеш, але любіш яе дзіцячыя пляцоўкі з іржавымі горкамі ды няўдзячнымі арэлямі. Усё проста: іржа з’яўляецца каталізатарам для развіцця патрыятызму. Узяў пэндзлік, пафарбаў горку — і вось праява любові да краіны ў лакальным выглядзе. Ты бачыш праблему і спрабуеш яе вырашаць. Чалавечы патрыятызм амаль ніколі не перасякаецца з дзяржаўным, — у горле Алеся перасохла, але вады, як на злосць, у класе не было.

— Для дзяржавы патрыятызм — гэта інструмент. Пачну здалёк: бачыце за Сцепанідай Валер’еўнай партрэт Зянона Пазняка? — намесніца дырэктара ўжо сядзела як на іголках, а зварот увагі на любімага ёю Зянона ўвогуле прывеў да чырвані твару і пускання жаўлакоў. — Дык вось у маім дзяцінстве прыкладна на гэтым месцы вісела выява першага прэзідэнта Беларусі. Напэўна, вы ведаце, што ў свой час яго называлі «бацька». Дык вось, дзяржава для народа — гэта свайго рода бацькі. Але не родныя — прыёмныя. Камусьці шчасціць больш, і бацькі асабліва не ўмешваюцца ў лёс сваіх дзяцей: яны наладжваюць мяккі выхаваўчы працэс, у якім народ адчувае сябе больш-менш самастойнай адзінкай. Але ў выпадку з нашай краінай, патрыятызм — жорсткі выхаваўчы інструмент. Калі я быў школьнікам, дзяржава прымушала нас хадзіць штогод на рознага кшталту мітынгі, радзей — на хакей з удзелам каманды прэзідэнта. Пасля па тэлевізары нас паказвалі як патрыятычную моладзь што любіць сваю дзяржаву. Такім чынам, яна сваім прымусовым метадам спрабавала выхаваць з нас людзей на свой капыл.

Мы з вамі жывём у 2028 годзе. Хутка мы адзначым 110-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Незалежнай Рэспублікі. На ўроках гісторыі я вам распавядаў пра драматычныя падзеі таго часу: людзі сапраўды гінулі за незалежнасць. Вайна — жорсткі перыяд, і нашы продкі не заўсёды паводзілі сябе карэктна. Яны таксама затуляліся ідэямі патрыятызму і нярэдка гэта прыводзіла да не надта добрых наступстваў. Напрыклад, героя Беларусі Булак-Балаховіча нельга назваць «святым»: вакол яго шмат супярэчнасцяў і чутак. Але падчас вайны няма добрых і злых, сваіх і чужых. І без таго складаны свет ператвараецца ў вялікі камяк супрацьлегласцяў. Але навошта нам дзяржаўны патрыятызм у мірны час? Навошта нам перагібы?

— Якія перагібы, Алесь Анатольевіч, — запытаўся Алег, адзін з самых моцных вучняў. — У нас ёсць незалежныя СМІ, развіваецца малы бізнес. Лічы, Еўропа!

— Добрае пытанне, Алег. Я адкажу на яго, нават калі мяне пасля гэтага звольняць, — сказаў Алесь, убачыўшы, як напружылася і без таго нервовая Сцепаніда Валер’еўна. — Я казаў, што ў маім дзяцінстве нас заганялі на мітынгі ды іншыя культурна-асветніцкія мерапрыемствы. Дык вось, сёння я павінен данесці да вас інфармацыю пра тое, наколькі вам важна прыйсці на святочны канцэрт 25 Сакавіка. То бок, я павінен зрабіць тое ж самае, што са мной рабілі мае настаўнікі. Замест таго, каб развівацца, чытаць кнігі і проста адпачываць, я павінен прымусіць вас прыйсці на мерапрыемства, важнасць якога вы не разумееце, а калі і разумееце, то самі прыйдзеце добраахвотна, без усялякіх подпісаў і званкоў вашым бацькам.

У чалавека заўсёды павінны быць выбар. Любы прымус з боку дзяржавы — сведчанне таталітарнай хваробы. Дзесяць гадоў таму на сцэне каля Опернага тэатра адбылося сапраўднае свята незалежных беларусаў. Святкаванне 100-годдзя БНР выглядала натуральна: там не было выпадковых людзей, калі не лічыць мужычкоў у цывільным. І калі вы не разумееце, навошта вам трэба ісці на мерапрыемства, — не ідзіце. Лепш праявіце свой лакальны патрыятызм і адрамантуйце з бацькамі лаву каля пад’езда. У адваротным выпадку свята незалежнасці ператворыцца ў чарговы фэйк. Не сілай, а розумам. Не колькасцю, а якасцю! — амаль пракрычаў Алесь і заўважыў, як дзеці ўсталі і заапладавалі. Гэта было нечакана і прыемна, але Сцепаніда Валер’еўна не дала атрымаць асалоду ад моманту:

— Да мяне ў кабінет, хутка, — прасіпела яна.

— Вы што сабе дазваляеце? Вы разумееце, наколькі нам важна паказаць карцінку для Еўропы, а тым больш для Расіі? Каб яны пабачылі, што беларусы абралі новы шлях развіцця, што мы ніякія не фашысты, а людзі, якія паважаюць і любяць краіну. А ўвогуле, нічога не хачу ад вас чуць, я ўжо наслухалася. Пішыце заяву, ад сёння вы больш не працуеце. Дакументы мы вам вышлем па пошце, — адчэканіла намесніца і ўсім сваім выглядам дала Алесю зразумець, што дыялог скончаны.

— Вы сказалі пра тэлевізійную карцінку, але чым тады цяперашняя ўлада лепшая за мінулую? Што тут казаць, праца настаўніка — гэта суцэльныя пакуты, якія суправаджаюцца адзінай плюшкай у выглядзе падоўжанага адпачынку. Да пабачэння, Сцепаніда Валер’еўна. — Да пабачэння, — суха прамовіла намесніца. За свой 50-гадовы ўзрост яна пабачыла шмат такой моладзі, якая заўсёды імкнецца да нейкіх абстрактных гуманістычных ідэалаў, для якіх ў жорсткім сусвеце намесніцы не было месца.

25 сакавіка 2028 года

— Алесь, хутка ўключай стрым «Свабоды», — гарлапаніў у слухаўку Міхась — калега, сябра і проста добры чалавек, з якім прыемна выпіваць.

— Што табе трэба? Чаго я там не бачыў? — прабармытаў Алесь. За месяц ён амаль не выходзіў з хаты. Ён бачыў у гэтым свайго рода перасэнсаванне жыцця шляхам нон-стоп самакапання. На самай справе гэта быў звычайны запой.

— Я табе кажу, уключай, няма часу тлумачыць, — голас звычайна спакойнага Міхася быў усхваляваным. Алесь зайшоў на старонку «Cвабоды» ў фэйсбуку і ўключыў прамую трансляцыю. Тое, што ён пабачыў, прымусіла яго нават падняцца з ложка. Буйным планам былі паказаныя яго вучні. У руках яны трымалі плакаты «Рукі прэч ад гісторыка» і «Алесь — сумленны педагог». Вакол іх ўжо было каля дзесятка рэпарцёраў, якія наперабой задавалі пытанні.

— Алё, ну што скажаш? — у голасе сябра адчувалася весялосць і нават нейкая зайздрасць. — Пакуль ты ператвараўся ў Талстога пакойнага тыпу, адзін з тваіх вучняў выклаў ролік з тваім спічам на ютуб. Але яго паглядзелі пару соцень чалавек. Сітуацыя змянілася сёння, калі твой 9 «Г» уключыў рэжым актыўнага супраціву.

Тут Алесь пачуў, што нехта тэлефануе па другой лініі.

— Міхась, потым патэлефаную, — адказаў хлопец і адразу пераключыўся.

— Алесь Анатольевіч, добры дзень, — прамовіў салідны голас. — Вас турбуе Мікалай Уладзіміравіч, дырэктар 13-й школы, мо не забылі яшчэ? — нервова ўсміхнуўся дырэктар.

— Ну як я магу забыць сваё першае і пакуль апошняе месца працы. Канешне, памятаю.

— Алесь Анатольевіч, па-першае, віншую вас са святам. Па-другое хачу папрасіць прабачэння за Сцепаніду Валер’еўну. Яна не павінна была сама прымаць рашэнне аб вашым звальненні. Я бачыў ваш выступ на класнай гадзіне ў інтэрнэце. Вельмі смела і рэзанансна, але мне спадабалася. Разумееце, наша пакаленне не прывыкла да кардынальных зменаў. Мы заўсёды жылі па прынцыпе «абы чаго не выйшла». А настаўнікі да гэтай фразы далучалі прафесійны аспект: «абы чаго не выйшла з намі і нашымі вучнямі». І як бы гэта ні пафасна гучала, але ўчынак вашых вучняў — самы яскравы прыклад волі на Дзень Волі. Вяртайцеся назад у школу. Калі справа ў грошах, то літаральна праз месяц пачынаецца новая рэформа адукацыі, якая прадугледжвае прыемныя бонусы, у тым ліку і матэрыяльныя.

— Справа нават не ў заробку, — прамовіў Алесь. Ён быў прыемна ўражаны тэлефанаваннем дырэктара. Звычайна той заўсёды хаваўся за таўстаскурымі спінамі намесніц, а зараз бачна, што нармальны мужык. — Мне вельмі падабаецца выкладаць гісторыю. Я і паступіў на гістфак, каб даводзіць да дзяцей не проста сухія параграфы, але яшчэ знаходзіць паралелі ў сучаснасці. Я разумею, што мой учынак, мабыць, не ўпісваўся ў існуючыя дзяржаўныя парадыгмы, але яны для таго і існуюць, каб іх змяняць, а часам і разбураць.

— Я цалкам з вамі згодны! — праявіў энтузіазм па той бок слухаўкі Мікалай Уладзіміравіч. Так што, заўтра вас чакаць? 9 «Г» не хоча больш нікога слухаць, а першым прадметам заўтра стаіць гісторыя.

— Так, я выйду. Мне ж трэба чымсьці кватэру аплачваць, — гарэзліва адказаў Алесь і развітаўся з дырэктарам. На душы, як і за акном, было сонечна. Учынак вучняў саграваў эга хлопца, але ў першую чаргу ён ганарыўся гэтым перфомансам як праяўленнем грамадскай актыўнасці. Яго пакаленне заўсёды было апалітычным: уся незадаволеннасць уладай зводзілася да немагчымасці распіваць піва ў грамадскіх месцах. Тут жа ён убачыў не толькі крэатыўныю акцыю, а сапраўдны інструмент, які становіцца каталізатарам для пазітыўных зменаў. Адна акцыя выратавала настаўніка ад дэпрэсіі і самаразбурэння. Вось ён, прыклад лакальнага патрыятызму, які плаўна пераходзіць на ўзровень дзяржавы і дае ёй зразумець, што народ — самастойная адзінка, якая фармуе дзяржаву, а не наадварот.

З такімі важнымі думкамі Алесь упершыню за два тыдні выйшаў у краму. На вуліцы стаяла сапраўднае вясновае надвор’е. Настаўнік заўсёды любіў вясну: у гісторыі чалавецтва гэта час сур’ёзных пераменаў. Сённяшняя сітуацыя толькі пацвердзіла існуючае гістарычнае правіла. І тое, што ён вяртаецца на былое месца працы, — не прыкмета яго кансерватызму. Гэта яшчэ адзін крок насустрач чалавечнасці і ідэалістычнаму светаўяўленню амаль трыццацігадовага хлопца.

Author

Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About