Donate

Лешэк Калакоўскі. Гарбы

многая лета12/04/26 15:0918


пераклад з польскай


Калі каменячос Аё зарабіў сабе на будоўлі дарог горб, параіццца наконт ягонай хваробы сабралася чатыры дактары. Трэба сказаць, што ў Лайлоніі заўжды так адбывалася: толькі нейкі каменячос захварэе, адразу збіралася чатыры дактары; але часцей за ўсё ніхто не збіраўся. Гэтым разам іх было ажно чатыры не таму, што Аё захварэў, ці, тым больш, быў каменячосам. Папросту хвароба яго была дзіўная, а дактары ахвотна аглядаюць дзіўныя рэчы, бы ўсе людзі. Дзіўнасць хваробы, у сваю чаргу, вынікала не з самога гарба, бо горб — з’ява зусім не дзіўная, але вельмі звычайная. Вынікала яна з таго, што горб гэты не быў, уласна, звычайным, але быў горб-страшыдла, горб-славутасць, горб-які-ва-ўсёй-Лайлоніі-раз-на-сто-восем-гадоў-з’яўляецца-а-то-і-радзей. Справа ў тым, што горб, растучы і набухаючы, пайшоў надзвычайнымі атожылкамі і адгалінаваннямі, якія з бегам часу пачалі прыпадабняцца да розных частак цела: рук, ног, галавы, шыі, жывата ды попы. (Неабходна адзначыць, што ў гэтым выпадку вялося пра так званы крыптагенны горб; гэты тэрмін апісвае пэўную ўласцівасць гарба, якая заключаецца ў тым, што дактары паняцця не маюць, адкуль ён узяўся.)

То ж дактары сабраліся і сталі раіцца, ці можна вылечыць Аё ад гарба. Калі ўсе ўжо сышліся ў адмысловым кабінеце (Аё, там, вядома, не прысутнічаў) адзін стары доктар сказаў: 

— Панове, трэба шчыра прызнацца — у гэтым выпадку медыцына бяссільная. Сто восем гадоў таму наш вялікі папярэднік, хірург Бяда-Галава, апісаў абсалютна такі ж выпадак і таксама не даў яму рады. А калі падобны горб не атрымалася вылечыць сто восем гадоў таму, то нам ужо пагатоў, справа ясная, няма чаго й спрабаваць. Людзі усё-ткі паразумней за нас былі. 

— І што нам рабіць? — спытаў малады доктар. — Мусім жа мы нешта рабіць, каб не падумалі, што мы невукі. 

— Як гэта, што рабіць? — здзівіўся стары доктар. — Лячыць хворага!

— Але як не мае ніякіх перспектыў…

— Лячэнне хворага, паважаны калега, не мае нічога агульнага з перспектывамі выздараўлення, — сказаў старэйшы доктар. — Гэта галоўны прынцып нашай навукі. Мэта лячэння — лячыць, падобна як мэта спявання — спяваць, а мэта грання — граць. 

— Я мяркую, што можна было б паспрабаваць вылечыць хворага часткова, — сказаў трэці доктар. — Так, выдаліць горб мы не можам, але можам прадухіліць далейшы рост; з гэтае мэты трэба накласці на горб гіпс, пазбавіць яго прасторы для павелічэння і захаваць, такім чынам, бягучыя памеры. А што людзі сто восем гадоў таму былі разумнейшыя, чым цяпер — пытанне спрэчнае. 

— А я мяркую, што гэта недапушчальна! — крыкнуў чацвёрты доктар. — Як што мы не можам вылечыць горб цалкам, мы не павінны лячыць яго зусім, катэгарычна! 

— Чаму ж?

— Відавочна! Менавіта таму, што вылечыць яго немагчыма. 

— Цалкам немагчыма, а часткова магчыма. 

— Значыць немагчыма. Горб застанецца на месцы, і няма чаго падманвацца, быццам яго можна вылечыць. 

Гэтую дыскусію дактары вялі вельмі доўга. Тым часам горб працягваў расці — і рос усё хутчэй і хутчэй. Розныя часткі цела, якія з яго вырасталі, станавіліся ўсё больш выразнымі і набывалі свае звычайныя рысы. Галава гарба пачала абрастаць валасамі, з’явіліся вочы, вушы, нос і вусны; рукі выцягнуліся, а ногі неўзабаве сягнулі зямлі. Ніхто і азірнуцца не паспеў, як з гарба ўтварылася цэлая чалавечая постаць. Постаць гэтая выявілася ну проста другім Аё, цот у цот падобным да першага. Адно што спінай быў прырослы да свайго носьбіта, але ў астатнім выглядаў дакладна як ён. А яшчэ адразу пачаў размаўляць.

Першы Аё, сапраўдны, ад самага пачатку крэпка пераймаўся сваёй хваробай, бо горб, канечне, прыемнасць вядомая. Але калі ён пабачыў, што ў яго на спіне вырас ягоны двайнік, Аё ўжо зусім перапалохаўся і не ведаў, што рабіць. Між людзей Аё быў знаны як чалавек спакойны, прыстойны, сумленны работнік, усе яго любілі і паважалі. Цяпер, калі ў яго з’явіўся двайнік, ніхто ўжо не мог адрозніць, дзе быў першы Аё, а дзе той, што вырас з гарба.

Горш за тое, двайнік аказаўся выключна падобны да Аё — настолькі, што нават уласная жонка Аё не магла іх адрозніць — але падабенства гэта было выключна вонкавым.  Другі Аё меў зусім іншы характар. Варта было яму толькі пачаць размаўляць, як ён адразу стаў крычаць і сварыцца абы пра што, лаяў усіх на свеце, асабліва першага Аё. Працаваць ён адмаўляўся, адно крыў усіх навокал і скардзіўся, што першы Аё не дае яму хадзіць. Гэта, у пэўнай ступені, была праўда: паколькі яны зрасліся спінамі і ногі ў іх былі заўжды скіраваныя ў супрацьлеглыя бакі, калі адзін ішоў наперад, другі мусіў ісці назад. Надзвычай нязручна.

Але гэта было яшчэ не самае кепскае. Самае кепскае было, што, калі другі Аё вырас і яго ўжо нельга было адрозніць ад першага, ён пачаў галасіць, што гэта ён бо сапраўдны Аё, той, што быў ад самага пачатку, а гэты іншы і ёсць горб, ніякі не челавек. 

— Утніце мне гэтага праклятага гарба! — равеў, раз’юшаны, на дактароў і на каго патрапіў.  — Чаму я мушу вечна цягаць на спіне гэтую гідкую нарасць! Якія дактары — невукі! Нічога не ўмеюць! 

Знаёмыя, якія сустракалі Аё, дзівіліся. “Ці ты сапраўды Аё?” — пыталі яны ў гарба, а той заходзіўся віскам: “Канечне Аё! Хто яшчэ! Вочы вам павылазілі?! Самі бачыце, што Аё, ведаеце мяне колькі год! А гэта вунь горб у мяне вырас. Ой гора!”

Аднак знаёмыя, каб пераканацца, што тут няма ніякай памылкі, пыталі на ўсялякі выпадак яшчэ і першага, то бок сапраўднага, Аё: “А ты, уласна, хто?”

— Я Аё, — казаў ён, але вельмі ціха, бо быў сціплым і сарамлівым чалавекам.

Калі гэта чуў другі Аё, то выбухаў з’едлівым смехам і гучна выкрыкваў:

— Бачце на яго, горб, горб чалавекам быць хоча! Во гісторыя! Не, такога я яшчэ не чуў! Гэта ж якое нахабства, людзям брахаць, што ён і не горб зусім! А хто ж тады, ты, мех рамяны! Людзі светы, у галаве не ўкладваецца! Горб кажа, што ён Аё! Ой дайце сілы! Утніце мне гэтага гарба, бо я зараз лусну, такая злосць бярэ! Змоўкні кажу, горб паршывы! Людцы, заткніце вы гэтага вырадка! 

І так кожны раз: як толькі Аё нясмела адгукаўся, роспачна даводзячы, што ён сапраўдны Аё, горб выбухаў шквалам абраз і брахні, і гэтак гучна, гэтулькі разоў ён бажыўся і кляўся ўсім, чым можна, што ўрэшце ўсе, нават дактары, нават сябры Аё, нават яго жонка — усе спачатку пагублялі галовы, а потым і паверылі, што сапраўдны Аё гэта той, які грамчэй крычыць, што ён сапраўдны. Праўдзівы ж Аё, увесь перапужаны, кожны раз усё больш роспачна і няпэўна, яшчэ ціхутка нагадваў пра сябе, але з часам ён стаў моцна заікацца, і ўрэшце яго перасталі слухаць. Новы Аё быў нахабны, крыклівы і сварыўся абы пра што. 

— Але Аё змяніўся, — казалі разгубленыя суседзі. — Не пазнаць чалавека. Раней такі быў добры, усе яго любілі, а то ж цяпер немагчыма з ім проста. 

— А што ж вы хочаце! — адказвалі іншыя. — Горб у яго вырас. Гэткая бяда чалавека крэпка змяняе, няма чаго і дзівіцца. 

Пасля чаго размова пераходзіла на іншых людзей, якія моцна мяняліся пад уплывам хвароб і няшчасцяў, а як кожны ведаў багата такіх выпадкаў, то і на Аё ўсе хутка забываліся. 

Між тым, праз увесь гэты час, дактары не пакідалі сваёй працы. Яны пільна працавалі   дзень і ноч, гібелі, улягалі ў пошукі, і нарэшце праз шмат месяцаў вынайшлі сродак ад гарба. Гэта быў пэўны парашок, які належала прымаць тры разы на дзень. Ужыванне сродку на працягу некалькіх дзён дазваляла цалкам пазбавіцца ад гарба. Парашок быў горкі і вельмі нясмачны, але каму якая розніца, калі вялося пра тое, каб вылечыць горб. Дактары ўзялі з тузін гарбатых, такіх, са звычайнымі гарбамі, выпрабавалі на іх свой сродак і абвясцілі, што агулам усё працуе — і вельмі добра. Людзі пазбавіліся ад гарбоў і былі вельмі задаволеныя новым лекам. 

Тады дактары вырашылі прымяніць сваю вынаходку да лячэння Аё. Калі да яго прыйшлі, Аё — не сапраўдны, а той другі, які горб — адразу зайшоўся крыкам і пачаў, як заўжды, енчыць, што ён ужо не можа гэтага цярпець і патрабуе, каб яго хутка вылечылі. Дактары тут жа супакоілі яго і расказалі, што якраз вынайшлі цудоўны сродак ад гарбоў. Першы Аё, сапраўдны, ціхенька заплакаў і стаў казаць, што гэта ж ён чалавек, а той, іншы, проста хвароба; але ніхто ўжо не браў ягоных слоў на ўвагу, бо другі Аё зараз жа яго перакрычаў і аблаяў. Толькі маленькі сынок Аё душыўся слязамі і крычаў, што гэта яго тата, а то — нейкі чужы пан, але ніхто яго не слухаў, бо дзеці не маюць столькі розуму, каб ведаць нешта лепей за дарослых. 

Так што, калі дактары, па кароткай нарадзе, вырашылі прапісаць хвораму свае парашкі, выдалі іх другому Аё, гарбу. Другі Аё прагна ўхапіў тыя парашкі і тут жа пачаў іх заглытваць. Глытаў і крывіўся, бо яны былі вельмі горкія, за што ён адразу выгаварыў дактарам, маглі, маўляў, і салодкія зрабіць ці, там, з апельсінам. 

Ну, а далей усё адбылося так, як і мусіла. Як толькі другі Аё пачаў піць парашкі, першы Аё стаў сціскацца і меншаць, і ўрэшце ператварыўся ў сапраўдны горб; а паколькі парашкі працягвалі дзейнічаць, і гэты горб пачаў памяншацца, то ўжо вельмі хутка Другі Аё, той, які спачатку быў гарбом, зусім выпрастаўся і хадзіў, задаволены, горда выгнуўшы спіну. Першы Аё знік. Цалкам. А разам з ім зніклі і ўсе сумневы дактароў і знаёмых: бо калі гэты Аё ператварыўся ў горб, а потым і зусім знік, то, значыць, нікім іншым, апроч гарба, ніколі і не быў. І толькі малы сынок Аё горка плакаў, што ў яго забралі тату. За гэта новы Аё лупіў яго папругай і крычаў, каб малое кінула бздуры, бо ён яму пакажа, хто ў яго бацька. 

Пасля гэтай гісторыі Аё зрабіўся знакамітасцю, бо такое, канечне, не з кожным здараецца. Людзі яго не любілі — такі ўжо быў злосны, абы каму нашкодзіць — але і пабойваліся, з той жа прычыны. 

Мала таго, проста перамогі яму не хапіла. Хутка ўжо пачаліся новыя дзівы. Ні з таго ні з сяго ён пачаў дапытваць усіх сваіх знаёмых, каго ні сустрэне: “Калі ты ўжо пазбавішся ад гэтага свайго гарба? Цяпер такія сродкі ёсць — любы горб лечаць! Неадкладна ідзі да доктара!”

— Які ж у мяне горб? — адказваў той ці іншы знаёмы.

Аё выбухаў з’едлівым смехам.

— Які?! — крычаў. — А што, не бачыш хіба?! Крывы, бы корч — пытае! Гарбыль! Усе гарбылі, чуеш ці не? Усе! Я адзін, — ляпаў сябе па баках, — гарба не маю. А ўсе астатнія дарма што страх якія гарбатыя дык яшчэ і дурныя, ніхто не лечыцца.

Калі Аё абышоў так па чарзе ўсіх у мястэчку, вялікі страх і жудасць сталіся між народам. Перапалоханыя людзі бяжалі да люстраў, каб паглядзець, ці не вырас у іх сапраўды раптам горб, і, хоць не бачылі ніякіх гарбоў, супакоіцца не маглі, і праз хвіліну ўжо зноў глядзеліся ў люстра. Ніхто не быў дакладна перакананы ў тым, што насамрэч не меў гарба. Усіх ахапіла паніка. Людзі сталі пазбягаць адно аднаго, па вуліцы перасоўваліся толькі крадучыся ўздоўж сцен ды кожны штохвіліны пераправяраў, а можа ўсё-ткі гарбаты… І толькі Аё хадзіў упэўнены ў сабе, надзьмуты як індык, ды бясконца паўтараў: “Усе вы гарбатыя! Ва ўсіх страшэнныя гарбы! Як вы гэтага не бачыце! Аслеплі вы ці што!”

Праз пэўны час Аё змяніў падыход. Ён пачаў даводзіць людзям, бы не пра тое гаворка, што яны проста, літаральна гарбатыя, але што яны самі ёсць папросту гарбы і выраслі на спінах у сваіх двайнікоў — няшчасце, якое здарылася некалі і з ім. Толькі, у адрозненне ад іншых, ён стаў піць цудоўныя парашкі і пазбавіўся ад свайго гарба, а ўсе астатнія гэтага не зрабілі, і ў выніку дайшло да таго, што гарбы іх з’елі. Цяпер жа на ўсім свеце не засталося, апроч яго, ніводнага сапраўднага чалавека, адно гарбы.

— Ты, горб! — гыркаў на кожнага, каго сустракаў. — Горб, чуеш?! Які ты чалавек, ты горб! З’еў чалавека і ходзіць ужо прыкідваецца, бы і не горб, абы мяне надурыць. Я адзін, адзін сапраўдны чалавек! 

Гэтаму крыку, пысе, гырканню, клятвам, што ён адзіны сапраўдны чалавек, запэўненням, што яны ўсе гарбы, не было ніякага канца — і людзі ўрэшце паверылі. Усе пераканаліся ў тым, што насамрэч былі гарбамі, і зразумелі, што трэба тэрмінова вяртацца да сапраўднага чалавечага жыцця. Людзі сталі саромецца сябе, ім было вельмі прыкра ад таго, што здарылася такая несправядлівасць. 

Вельмі хутка паміж жыхарамі горада распаўсюдзілася меркаванне, што калі Аё так удала пазбавіўся ад гарба, то напэўна варта паспрабаваць тых парашкоў, пра якія ён казаў, можа нешта і выйдзе. Пачалася масавая закупка цудоўных парашкоў, людзі глыталі іх амаль без перапынку, нашмат больш, чым было трэба. Дачыніліся нават тыя, хто ўжо некалі пазбавіўся ад гарба дзякуючы парашкам. 

Аднак праз тое, што ні ў кога не было ніякага гарба, ніхто, суадносна, не мог ад гарба пазбавіцца. Замест гэтага, адразу па першых прыёмах парашкоў, усе з непакоем заўважылі, што выйшла проста наадварот: гарбы пачалі расці. Яны раслі і адбывалася тое ж, што і ў выпадку Аё: гарбы забуялі рознымі часткамі цела і сталі прыпадабняцца да людзей, якія насілі іх на спінах. Як высветлілася, парашкі, якія вылечвалі гарбы ў гарбатых, спрыялі росту гарбоў у прамых. Калі людзі гэта зразумелі, было ўжо запозна. Ва ўсіх на спінах павырасталі гарбы-двайнікі, якія, рыхтык у выпадку Аё, тут жа загаласілі, што гэта яны сапраўдныя людзі, а тыя — скрозь гарбы. 

Аё ажно зіхацеў. Цяпер у яго было поўна сябручкоў, гэтакіх жа, як ён, адно што яшчэ злучаных з людзьмі-двайнікамі. Вядома, на конт вылаяць, пакалаціцца ды пагарлаць яны таксама былі не дурнейшыя за Аё, і ўсе ўлёт хацелі пазабавіцца ад сваіх гарбоў — то бок сапраўдных людзей, якіх яны абвясцілі гарбамі. Але ўжо затое міжсобку стасункі ў гарбоў былі дзе якія прыязныя: сустрэнуцца, паручкаюцца, і давай над людзьмі здзякацца, ды гэтак злосна — паселі, поскудзь, на спіны, а нам цягай. 

Урэшце гарбы пастанавілі, што з іх, маўляў, хопіць, хадзіць гарбатыя яны больш не хочуць, і самі пачалі піць цудоўныя парашкі. 

Гэтак у Лайлоніі з’явіўся горад гарбоў, у якім, аднак, не было ніводнага гарбуна. 

Далейшых падзей з гісторыі горада зафіксавана не было. Наколькі вядома, ён існуе і дагэтуль.

Малы сынок Аё, якога таксама хацелі ператварыць у гарба, не даўся прымусам і адмовіўся піць парашкі. Ён збег з горада, каб не зрабіцца гарбом, і калі ён вырасце, ён абавязкова вернецца і расправіцца з усімі гарбамі. А цяпер яму было вельмі сумна.


Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About